BE RU EN

МЗС Чэхіі запатрабавала ад'езду 63 супрацоўнікаў пасольства Расеі

  • 22.04.2021, 22:30

Чэхія рэалізавала свой ультыматум.

Чэхію павінны пакінуць 63 супрацоўнікі амбасады Расеі ў Празе. Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Чэхіі Якуб Кулганэк у эфіры тэлеканала CT24.

«Мы абмяжоўваем колькасць дыпламатаў у расейскім дыпламатычным прадстаўніцтве ў Празе ў адпаведнасці з колькасцю персаналу нашай амбасады ў Маскве. Гэтая пастанова ўваходзіць у дзеянне сёння. Расейская старана атрымала тэрмін на адкліканне сваіх супрацоўнікаў да канца траўня», - сказаў міністр.

Раней Кулганэк заявіў, што з Прагі могуць быць выпраўленыя больш за 60 супрацоўнікаў расейскай амбасады, калі Масква не прыме назад высланых супрацоўнікаў чэшскага пасольства ў Расеі.

Чэхія раней пастанавіла выслаць 18 расейскіх дыпламатаў, якіх там назвалі супрацоўнікамі спецыяльных службаў. Прага падазрае расейскія спецслужбы ў датычнасці да выбухаў на складах боепрыпасаў у 2014 годзе ва Урбеціцах. Расея абвінавачванні адпрэчыла і выслала 20 чэшскіх дыпламатаў у якасці захадаў у адказ.

Паводле звестак МЗС Чэхіі, цяпер у Маскве працуюць пяць чэшскіх дыпламатаў і дзесяць тэхнічных службоўцаў. У той жа час у амбасадзе Расеі ў Празе працуюць 27 дыпламатаў і 67 тэхнічных службоўцаў.

Апошнія навіны