Зяленскі адрэагаваў на адвод войскаў РФ ад украінскай мяжы: Мы заўсёды напагатове
- 22.04.2021, 17:59
Прэзідэнт Украіны падзякаваў партнёрам за падтрымку.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пракаментаваў адвод войскаў Расеі ад украінскай мяжы, паведамляе nv.ua.
У Twitter кіраўніка ўкраінскай дзяржавы паведамляецца, што такое рашэнне Расеі «прапарцыйна зніжае напружанасць».
«Украіна заўсёды напагатове, але вітае любыя крокі ў змяншэнні вайсковай прысутнасці і дээскалацыі сітуацыі на Данбасе. Украіна хоча міру», - напісаў Зяленскі і падзякаваў партнёрам Украіны за падтрымку.
Раней кіраўнік Мінабароны РФ Сяргей Шайгу заявіў, што з 23 красавіка Расея пачынае адвод войскаў Паўднёвага і Заходняга вайсковых акругаў, якія праводзілі вучэнні каля межаў Украіны і ў акупаваным Крыме. З яго слоў, «мэты раптоўнай праверкі дасягнуты цалкам».
РФ пад падставай падрыхтоўкі вайсковых вучэнняў сцягвала да мяжы з Украінай і ў акупаванага Крыма войскі і тэхніку. Паводле звестак МЗС Украіны, Расея нарошчвала войскі ўздоўж украінскай мяжы ў трох кірунках - на паўночным усходзе Украіны, у Крыме і на Данбасе.
Міністр замежных спраў Дзмітрый Кулеба казаў, што колькасць расейскага кантынгенту ўздоўж мяжы Украіны наблізілася да 120 тысяч. Ва ўкраінскай выведцы заявілі, што Расея рыхтуе шырокамаштабныя правакацыі на ўсходзе Украіны.