BE RU EN

Чэхія адмовілася ад намераў набыць расейскую вакцыну «Спутнік V»

  • 20.04.2021, 20:37

Чэхія засяродзіцца на вакцынах, якія ўхваліла Еўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў.

Чэхія адмовілася ад планаў набыць расейскую вакцыну ад каранавіруса «Спутнік V». Пра гэта паведаміў першы віцэ-прэм'ер і кіраўнік МУС Чэхіі Ян Гамачак, які часова выконвае таксама абавязкі міністра замежных спраў краіны, на прэс-канферэнцыі 19 красавіка, адзначае Ceske Noviny.

20 красавіка Гамачак павінен быў наведаць Маскву для абмеркавання паставак «Спутніка V» у Чэхію. Пра гэта ён паведаміў яшчэ 14 красавіка ў сваім Twitter.

«Мы шукаем вакцыны па ўсім свеце. Мы гатовыя купляць AstraZenec з Даніі. У панядзелак вылятаю ў Маскву, дзе хачу арганізаваць магчымыя пастаўкі Sputnik V пасля яго адабрэння Еўрапейскім агенцтвам лекавых сродкаў», - пісаў ён.

Аднак 17 красавіка ён паведаміў, што не зможа прыехаць у Маскву праз неабходнасць удзельнічаць у пасяджэнні чэшскага ўрада 20 красавіка. А ўжо на наступны дзень Чэхія абвясціла пра высылку расейскіх дыпламатаў.

18 красавіка Гамачак заявіў выданню Denik N, што яго візіт у Маскву з самага пачатку быў «манеўрам прыкрыцця», каб схаваць падрыхтоўку да высылкі супрацоўнікаў пасольства Расеі ў Чэхіі. Ён паведаміў, што загадзя ведаў, што ў Расею не паляціць.

19 красавіка на прэс-канферэнцыі Гамачак адзначыў, што цяпер дыскусій з нагоды закупаў расейскай вакцыны ўлады Чэхіі не вядуць. На яго думку, Чэхія павінна засяродзіцца на вакцынах, якія ўхваліла Еўрапейскае агенцтва лекавых сродкаў - расейскага «Спутніка V» сярод іх няма.

Апошнія навіны