BE RU EN

Чарнагорыя здымае абмежаванні для турыстаў з Беларусі

  • 20.04.2021, 20:01

Будуць знятыя ўсе абмежавальныя захады, у тым ліку ПЦР-тэставанне.

Чарнагорыя скасоўвае ўсе абмежаванні на ўезд для турыстаў з некалькіх краін, у тым ліку і Беларусі. Пра гэта паведаміў міністр фінансаў Чарнагорыі Мілойка Спаіч.

«Рады паведаміць вам, што для наведвання Чарнагорыі ў турыстычны сезон - 2021 для грамадзян Расейскай Федэрацыі, Рэспублікі Беларусь, Украіны і Паўночнай Македоніі будуць знятыя ўсе абмежавальныя захады, у тым ліку ПЦР-тэставанне», - напісаў міністр у Twitter.

Паводле звестак Рэспубліканскага звязу турыстычных арганізацый, ПЦР-тэсты для грамадзян названых краін скасоўваюцца з 22 красавіка.

Раней аналітык турыстычнай галіны, рэдактар сайта Toursoyuz.by Лілія Кобзік казала, што першы чартар Чарнагорыі ў гэтым сезоне будзе 30 красавіка.

«Ранняе браніраванне тураў дагэтуль ідзе, прадаецца тое, што амаль са 100% упэўненасцю адкрыецца ў гэтым сезоне. Гэта тычыцца адпачынку ў Албаніі, Чарнагорыі, Турцыі, Тунісе... Напрыклад, першы чартар Чарнагорыі сёлета будзе 30 красавіка. Мы чакаем, як з дня на дзень чарнагорцы абвесцяць, што для беларусаў уезд будзе без ПЦР-тэстаў на COVID-19. Пакуль без іх нас пускае толькі Албанія: мы лёталі туды ў мінулым сезоне без тэстаў і ў гэтым, відавочна, будзем лётаць гэтак жа», - распавядала тыдзень таму экспэрт.

Апошнія навіны