BE RU EN

Менгарсуд разгледзеў апеляцыю на прысуд журналістцы Кацярыне Барысевіч

  • 20.04.2021, 15:32

Адвакаты намагаюць на яе невінаватасці.

20 красавіка Менскі гарадскі суд разгледзеў апеляцыю на прысуд журналістцы tut.by Кацярыне Барысевіч. 2 сакавіка суд Маскоўскага раёна прысудзіў нашу калегу да шасці месяцаў пазбаўлення волі паводле справы аб «нуль праміле». Пракуратура палічыла такую пастанову занадта мяккай - і падала пратэст. Абарона Кацярыны Барысевіч па-ранейшаму мяркуе, што яна не вінаватая, і намагае на апраўданні, піша tut.by.

Ля ўваходу ў залу пасяджэння ўсталявалі рамку-металашукальнік. Дагляд асабістых рэчаў праводзяць тры чалавекі ў камізэльках Security. Побач - шасцёра супрацоўнікаў у цывільным і два міліцыянты ў форме - практычна столькі ж прыйшло слухачоў і журналістаў.

Разгляд апеляцыі прызначаны на 14 гадзін. Пасяджэнне праходзіць у закрытым рэжыме, публічна абвесцяць толькі пастанову Менскага гарадскога суда. Мяркуецца, што ў працэсе Кацярына Барысевіч будзе ўдзельнічаць па відэасувязі з жодзінскага СІЗА.

А 14:08 у залю зайшлі адвакаты журналісткі. Разгляд апеляцыі доўжыўмя прыблізна 50 хвілін. А 15 гадзін у залу сталі запускаць слухачоў.

А 15:20 судовая калегія абвясціла пастанову: пакінуць прысуд Кацярыне Барысевіч - паўгода пазбаўлення волі - у дзеянні. Гэта значыць, што ўжо менш чым праз месяц яна зможа апынуцца дома.

Пад вартай наша калега Кацярына Барысевіч знаходзіцца ўжо 152 дні. Да гэтага ні разу ў жыцці Каця не прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці, не была судзімая, мае сталае месца жыхарства і працы, на працы характарызуецца станоўча, неаднаразова была адзначаная за журналісцкія матэрыялы, у тым ліку праваахоўнымі органамі, у 2020 годзе стала «Журналістам года» (паводле версіі праваабарончай супольнасці). Выстаўленае ёй абвінавачванне належыць да катэгорыі менш цяжкіх злачынстваў.

Што адбылося?

Крымінальныя справы ў дачыненні да Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна распачалі 19 лістапада 2020 года. Іх абвінавацілі ў разгалашэнні медычнай таямніцы, што, на думку Генпракуратуры, пацягнула цяжкія наступствы. Максімальнае пакаранне паводле гэтага артыкула - тры гады пазбаўлення волі. Нагадаем, 13 лістапада 2020 года пад аўтарствам Кацярыны Барысевіч выйшаў артыкул, у якім са спасылкай на медыцынскія дакументы і каментар лекара сцвярджалася, што ў крыві Рамана Бандарэнкі не было выяўлена этанолу. Першыя асобы заяўлялі, што памерлы хлопец быў п'яны.

Тры месяцы да суда абвінавачаныя прабылі пад вартай. Спярша - у СІЗА КДБ, затым - у менскім СІЗА №1 на Валадарскага.

Разглядаць справу «аб нуль праміле» распачалі ў пятніцу, 19 лютага. У той дзень падтрымаць Арцёма Сарокіна і Кацярыну Барысевіч прыйшло больш за 100 чалавек, трапіць у залу змаглі нешматлікія з іх - у асноўным толькі сваякі, дыпламаты і некаторыя калегі.

Пракурор Людміла Іваненка хадайнічала аб тым, каб правесці суд у закрытым рэжыме. Адвакаты абвінавачаных, а таксама самі Кацярына і Арцём намагалі на разглядзе справы адкрыта, «каб грамадства ведала, за што судзяць журналістку і лекара».

Аднак суддзя Святлана Бандарэнка заяўленае хадайніцтва задаволіла і вызначыла правесці працэс у закрытым рэжыме - «каб пазбегнуць выдавання ахоўнай законам медыцынскай таямніцы і звестак папярэдняга расследавання», а таксама таму, што «матэрыялы справы змяшчаюць медыцынскія дакументы, у тым ліку раней не апублікаваныя». Справа разглядалася за зачыненымі дзвярыма, якія кожны дзень ахоўвалі міліцыянты ў форме і супрацоўнікі ў цывільным. 2 сакавіка Кацярыне Барысевіч і Арцёму Сарокіну вынеслі прысуд. Арцёму Сарокіну прызначылі два гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на год і штраф 1450 рублёў «за разгалашэнне медычнай таямніцы», яго вызвалілі ў зале суда. Кацярыну Барысевіч прысудзілі да шасці месяцаў калоніі і штрафу 2900 рублёў.

Лекар пастанавіў не абскарджваць прысуд, ён ужо вярнуўся на працу ў БХМД. Кацярына Барысевіч ўсё яшчэ застаецца пад вартай: на пастанову суда мера стрымання засталася ранейшай.

12-га сакавіка пракуратура Менска падала пратэст на прысуд Кацярыне Барысевіч «праз мяккасць прызначанага пакарання».

Адвакаты Кацярыны Барысевіч таксама падалі апеляцыйную скаргу, яны намагаюць на невінаватасці журналісткі.

Апошнія навіны