Чэхія выключыла «Расатам» з кандыдатаў на дабудоўванне савецкай АЭС
- 19.04.2021, 21:05
Сярод кандыдатаў на ўдзел у тэндары застаюцца амерыканская, французская і паўднёвакарэйская кампаніі.
Урад Чэхіі вырашыў адхіліць расейскую дзяржкарпарацыю «Расатам» ад будаўніцтва новага энэргаблока чэшскай АЭС «Дукованы». Пра гэта паведаміў чэшскі віцэ-прэм'ер і кіраўнік Мінпрамгандлю Карэл Гаўлічак, паведамляе «Чэшскае тэлевізія»
Сярод кандыдатаў на ўдзел у тэндары на дабудоўванне АЭС застаюцца амерыканская, французская і паўднёвакарэйская кампаніі. Кошт праекта ацэньваецца прыкладна ў €6 млрд.
АЭС «Дукованы» пабудаваў у 1970-я - 1980-я гады Савецкі Саюз у рамках дамовы з Чэхаславакіяй. Электрастанцыя пакрывае больш за 20% спажывання энэргіі ў краіне. На 2029 год планавалася пачаць будаўніцтва новага энэргаблока, якое павінна завяршыцца ў 2036 годзе.
Раней Гаўлічак казаў, што «Расатам» не дапусцяць да ўдзелу ў будаўніцтве нават у якасці субпадрадчыка. Гэта адбылося на фоне дыпламатычнага скандалу з Расеяй. Прага выслала з краіны 18 расейскіх дыпламатаў, якіх абвінавацілі ў працы на расейскія спецслужбы. На думку Чэхіі, яны могуць быць датычныя да арганізацыі выбухаў на складах боепрыпасаў у чэшскай вёсцы Врбецыцэ ў 2014 годзе, калі загінулі два чалавекі.