BE RU EN

Распрацоўшчык «Спутніка» назваў тых, на каго вакцына не дзейнічае

  • 18.04.2021, 18:41

Аляксандр Гінцбург растлумачыў, чаму на некаторых не дзейнічае вакцына.

Дырэктар Цэнтра імя Гамалеі заявіў, што вакцына «Спутнік V» не дае эфекту ў людзей, якія пакутуюць на алкагалізм і наркаманію, а таксама «дрэнна працуе» ў тых, хто прымае цытастатыкі, супрацьпухлінныя прэпараты. Аляксандр Гінцбург растлумачыў, чаму гэта адбываецца, паведамляе партал doctorpiter.ru.

«Пакутуюць тыя, у каго ўзровень этылавага спірту ў крыві падымаецца да 1%. Я неяк раз падлічыў, калі галіўся раніцай перад люстэркам, - гэта паўтары шклянкі гарэлкі ў дзень, - заявіў Гінцбург. - Не так ужо і шмат для Расеі. Але высвятляецца, такі аб'ём таксічны для клетак. Пры такім узроўні этылавага спірту клеткі імуннай сістэмы перастаюць дзяліцца. А для таго каб выпрацаваліся антыцелы, клеткі дзяліцца павінны. Тое ж самае адбываецца праз тую гадасць, якая ідзе ад наркотыкаў.

Гінцбург таксама дадаў, што дзяленне клетак спыняецца пад уздзеяннем цытастатыкаў, якія прымаюць анкалагічныя хворыя, знаходзячыся ў актыўнай стадыі лячэння.

«Яны стрымліваюць дзяленне анкалагічных клетак, а таксама ўсіх іншых», - удакладніў навуковец.

Гінцбург таксама распавёў, што праз дзевяць месяцаў пасля курсу вакцынацыі тытр антыцелаў у яго не паменшыўся. Але яго супрацоўніцы, у якіх узровень антыцелаў пасля прышчэпкі знізіўся праз 11 месяцаў, ужо прайшлі паўторную вакцынацыю першым кампанентам.

«Праз чатыры-пяць дзён яны ўбачылі ў сябе вельмі высокі ўзровень антыцелаў. Гэта сведчыць пра тое, што ў іх у арганізме ёсць клеткі памяці, якія пры сустрэчы з вакцынай імгненна напрацавалі неабходны ўзровень антыцелаў, - заявіў Гінцбург. - Гэта значыць, што ў нас цудоўныя клеткі памяці і можна не вакцынавацца. Проста нашы супрацоўніцы на сабе паставілі такі досвед». Навуковец таксама пацвердзіў, што вакцына «Спутнік V» меркавана будзе абараняць чалавека ад каранавіруса блізу двух гадоў.

Апошнія навіны