BE RU EN

Зяленскі распавёў пра вынікі перамоў з Мэркель і Макронам

  • 16.04.2021, 17:59

Прэзідэнт Украіны адзначыў, што пытанняў вельмі шмат і ўсе яны складаныя.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі распавёў пра перамовы з французскім калегам Эмануэлем Макронам і канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель, піша сайт nv.ua.

«Было дзве часткі сустрэчы - спачатку з прэзідэнтам Макронам, потым падключылася канцлерка Мэркель... Падлучэння спадара Пуціна не было, таму мне цяжка сказаць, што б я яму сказаў, калі б было падлучэнне. Хоць я настроены, каб мы ўсе ўчатырох падключыліся», - сказаў ён у адказ на пытанне журналістаў.

Зяленскі адзначыў, што ў яго з Макронам «сапраўды цёплыя, цяплей, чым надвор'е, дачыненні».

Са слоў кіраўніка ўкраінскай дзяржавы, ён абмеркаваў з суразмоўцамі сітуацыю на ўсходзе Украіны, рэжым спынення агню і абстрэлы з боку баевікоў на Данбасе.

Зяленскі дадаў, што «мы набліжаемся да наступнага пасяджэння N4». 19 красавіка адбудзецца пасяджэнне дарадцаў «нармандскай чацвёркі», на якой абмяркуюць шэраг пытанняў, у тым ліку «кластары» пра пакрокавыя выкананні менскіх дамоўленасцей.

«Сустрэча зацягнулася таму, што... Пытанняў вельмі шмат, яны ўсе складаныя, а сустрэча адна», - сказаў кіраўнік украінскай дзяржавы.

У пятніцу, 16 красавіка, у Францыі прайшлі двухбаковыя перамовы Уладзіміра Зяленскага і Эмануэля Макрона, а пасля іх - трохбаковая сустрэча з Ангелай Мэркель, якая падключылася па відэасувязі.

Апошнія навіны