BE RU EN

Галоўны дыпламат ЕЗ хоча наведаць лінію судакранання на Данбасе

  • 16.04.2021, 17:25

Жазэп Барэль магчыма абмяркуе гэтае пытанне з кіраўніком МЗС Украіны ў панядзелак 19 красавіка.

Галоўны дыпламат ЕЗ Жазэп Барэль даўно хоча зрабіць візіт на лінію размежавання на Данбасе і магчыма абмяркуе гэтае пытанне з кіраўніком МЗС Украіны ў панядзелак 19 красавіка.

Пра гэта піша EUObserver (пераклад - «Европейская правда»), спасылаючыся на каментар прадстаўніка ЕЗ.

Спікер пацвердзіў, што галоўны дыпламат ЕЗ атрымаў такое запрашэнне ад міністра замежных спраў Украіны Дзмітрыя Кулебы і «магчымасць абмеркаваць таксама гэтае пытанне будзе ў панядзелак» - 19 красавіка, падчас сустрэчы кіраўнікоў МЗС Еўразвязу ў Брусэлі, на якую запрошаны і Дзмітрый Кулеба.

Як паведаміў прэс-сакратар, у Барэля «даўнія планы паездкі на ўсход Украіны і да лініі судакранання». З ягоных слоў, візіт планавалі яшчэ ў сакавіку летась, але адмянілі праз пандэмію каранавіруса. Нядаўна перспектыва такога візіту зноў абмяркоўвалася з прэм'ерам Дзянісам Шмыгалем.

Адзін з дыпламатаў ЕЗ, імя якога выданне не называе, выказаў меркаванне, што візіт Барэля на Данбас быў бы «найлепшай помстай» за прыніжэнне, якое зладзілі для яго падчас візіту ў Маскву.

«Гэта таксама магло б дапамагчы [наладзіць стасункі] пасля таго, як Б'ёрн Зайберт адказаў Уладзіміру Зяленскаму ад імя Уршулі фон дэр Ляен, што было скандальным учынкам», - дадаў ананімны дыпламат.

Нагадаем, гаворка ідзе пра адмову прэзідэнта Еўракамісіі ад запрашэння Зяленскага, пасля якой яна падпала пад абвінавачванні ў парушэнні пратаколу і недастатковай падтрымцы Украіны.

Апошнія навіны