Расейскія студэнты асвісталі прапагандыстку Марыю Буціну
- 14.04.2021, 10:41
Інцыдэнт адбыўся падчас сустрэчы ў Новасібірскім універсітэце.
Расейская прапагандыстка Марыя Буціна сутыкнулася з «поўным неразуменнем» і «бестактоўнасцю» з боку студэнтаў падчас сустрэчы ў НДУ, паведамляе «Сібір. МБХ медыя» са спасылкай на ўдзельнікаў сустрэчы.
Са слоў выдання, многія прысутныя на сустрэчу паводзілі сябе груба - перабівалі, крычалі, хтосьці выкрыкваў: «Мы вам не радыя». Усе месцы ў аўдыторыі былі занятыя, пры гэтым пытанняў пра знаходжанне Буцінай у Амерыцы задавалі мала.
«Пыталіся пра тое, навошта яна ўвогуле прыйшла. Якая яе мэта і матывацыя? Чым там [у ЗША] лепш ці горш, чым тут? Чаму ёй давалі вязаць, а Навальнаму не даюць нават таблеткі? Ці думае яна, што гэта нармальна, што ў турмах у Расеі лепш, чым у жыцці звычайным?», - цытуе выданне адну са студэнтак.
Сустрэча прайшла ў НДУ у аўторак. Яе анансавалі днём раней, абмежаваўшы магчымасць каментаваць публікацыю. Журналістам «Сібір. МБХ медыя» адмовілі ў магчымасці патрапіць на сустрэчу, бо яна арганізаваная толькі для студэнтаў.