BE RU EN

З Беларусі дэпартавалі расейскага палкоўніка, якога судзілі за спробу бунту

  • 13.04.2021, 12:00

Ён перадаў у адміністрацыю Лукашэнкі адкрыты ліст.

З Беларусі дэпартавалі вядомага расейскага нацыяналіста - палкоўніка Уладзіміра Квачкова. Пра гэта ён сам распавёў у сваім звароце на Youtube-канале "Спецтэлеканал", паведамляе "Еўрарадыё".

Квачкоў прыехаў у Менск на канферэнцыю "Русь – адзіная Айчына". Яна праходзіла 9-11 красавіка на базе рэспубліканскага культурна-асветніцкага цэнтра кіраўніцтва справамі Лукашэнкі.

На канферэнцыі палкоўнік зрабіў два даклады.

Але перад гэтым, адразу з аўтобуса, як ён кажа, Квачкоў наведаў Адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі і перадаў адкрыты ліст да яго. У гэтым лісце былі прапановы аб змяненні выбарнай сістэмы ў Беларусі, каб потым з гэтага бралі прыклад Расея і Украіна. А праз 24 гадзіны пасля перадачы ліста Квачкова дэпартавалі з Беларусі.

Палкоўнік Квачкоў вядомы сваімі нацыяналістычнымі поглядамі. У Расеі яго двойчы судзілі - за спробу замаху на Анатоля Чубайса (апраўданы судом прысяжных) і за спробу бунту.

Апошнія навіны