BE RU EN

Лаўроў занерваваўся праз пастаўкі Турцыяй ва Украіну ўдарных дронаў Bayraktar

  • 13.04.2021, 9:43

Турэцкія ўлады праігнаравалі заяву кіраўніка МЗС РФ.

Кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў выступіў з заявай з нагоды закупкі Украінай турэцкіх беспілотнікаў Bayraktar, у якой "перасцярог" Турцыю ды іншыя краіны ад "падсілкоўвання мілітарысцкіх настрояў" Украіны. Пра гэта ён сказаў сёння на прэс-канферэнцыі, паведамляе liga.net.

"Я адразу скажу, што мы ўсім адказным краінам, з якімі сустракаемся, - Турцыя адна з іх - настойліва раім прааналізаваць сітуацыю, вечныя ваяўнічыя заявы кіеўскага рэжыму і перасцерагаем іх ад таго, каб яны падсілкоўвалі гэтыя мілітарысцкія настроі", - сказаў міністр.

Пра якія менавіта "ваяўнічыя заявы" з боку Украіны ідзе гаворка, Лаўроў не ўдакладніў і не падаў ніводнага прыкладу.

Турэцкія ўлады пакуль ніяк не адрэагавалі на заяву Лаўрова.

У лістападзе 2018 года пасля візіту на той час прэзідэнта Парашэнкі ў Турцыю СМІ паведамілі пра імавернасць куплі дронаў Bayraktar TB2, перамовы пра якія доўжыліся два гады. Пазней угода адбылася: шэсць дронаў і тры станцыі кіравання купілі за $70 млн.

У канцы ліпеня 2020 года Украіна і Турцыя абмеркавалі супольную распрацоўку і вытворчасць дронаў ва Украіне.

Гетман УСУ Руслан Хомча мінулай восенню абяцаў, што Украіна закупіць яшчэ пяць Bayraktar у 2021-м. Усяго Украіна плануе закупіць да паўсотні гэтых дронаў.

27 студзеня 2021 года паведамлялася, што ў 2021 годзе ВМС атрымаюць беспілотнікі Bayraktar-ТВ2 з палепшанымі характарыстыкамі.

Апошнія навіны