Навукоўцы выявілі ля берагоў Ніла закінуты «Залаты горад»
- 10.04.2021, 17:10
Гэта найбуйнейшае старажытнае паселішча, калі-небудзь знойдзенае на тэрыторыі Егіпта.
Археолагам трэба будзе працаваць не менш за дзесяць гадоў на месцы выяўленага ў Егіпце «Залатога горада», закінутага ў пясках больш за тры тысячы гадоў, паведаміў РІА «Новости» навуковец Захі Хавас.
Міністэрства старажытнасцей і турызму Егіпта паведаміла ў чацвер, што егіпецкая археалагічная місія на чале з вядомым навукоўцам, былым міністрам археалогіі Егіпта Захі Хавасам адшукала на заходнім беразе Ніла пад Луксорам закінуты ў пясках «Залаты горад», названы «Усход Атона» ў гонар сонечнага бажаства, - найбуйнейшае старажытнае паселішча, калі-небудзь знойдзенае на тэрыторыі Егіпта.
Горад быў пабудаваны ў эпоху кіравання Аменхатэпа III - дзявятага фараона славутай XVIII дынастыі, які кіраваў з 1391 да 1353 года да нашай эры.
«Гэта цэлы горад, ён уважаецца за найбуйнейшы знойдзены на гэты момант. ...> Работы будуць доўжыцца прынамсі дзесяць гадоў, бо нам патрэбны ўвесь горад цалкам, а таксама раён храмаў», - паведаміў Хавас.
Ён адзначыў, што горад распасціраецца ў паўночным і заходнім кірунках. Гэта найбуйнейшы выяўлены горад «залатой эпохі» ўзростам амаль 3000 гадоў.
Са слоў навукоўца, у горадзе тры кварталы, дзе ёсць памяшканні для захоўвання мяса, раёны, дзе вырабляліся адзенне, сырцовая цэгла.
«Мы чакаем, што да верасня прасунемся да раёна храмаў», - заявіў Хавас.
Генеральны сакратар Вышэйшай рады ў справах помнікаў старажытнасці Егіпта Мустафа Вазіры паведаміў, што раскопкі пачаліся ў верасні 2020 года раёне паміж храмамі Рамзэса III у Медзінат-Абу і Аменхатэпа III у надзеі знайсці пахавальны храм Тутанхамона.
У гэтым раёне ўжо былі знойдзеныя два храмы.
«Калі з-пад пяску пачалі з'яўляцца будынкі, пакоі, мы ўбачылі зігзагападобныя муры, то зразумелі, што гэта зусім не храм, а цэлы горад», - сказаў Вазіры.
З ягоных слоў, на месцы раскопак выяўлены посуд, рэшткі віна, засушаныя мяса і іншыя «сведчанні жыцця».
На гэтым месцы раней беспаспяхова працавалі 60 місій археолагаў, адзначыў Вазіры.