BE RU EN

Нарвегія прыпыніла продаж абароннага завода расейскай кампаніі

  • 9.03.2021, 15:07

Угоду правярае контрвыведка краіны.

Урад Нарвегіі прыпыніў продаж завода для вытворчасці рухавікоў расейскай кампаніі. Праверкай угоды займаецца контрвыведніцкая Управа нацыянальнай бяспекі, паведамляе «Радыё Свабода».

Завод Bergen Engines належыць брытанскай Rolls-Royce. Ён вырабляе дызельныя і газапоршневыя рухавікі. У пачатку лютага ангельская кампанія анансавала яго продаж структуры расейскага «Трансмашхолдынгу» прыблізна за 150 мільёнаў еўраў.

«Трансмашхолдынг» паведаміў, што з дапамогай куплі плануе пашырыць сваю прысутнасць на рынку мікраэлектрастанцый для аддаленых аб'ектаў. Аднак у Нарвегіі асцерагаюцца выкарыстання прадпрыемства ў вайскова-прамысловым комплексе.

Bergen Engines - вытворца карабельных рухавікоў, якія выкарыстоўваюцца ВМС Нарвегіі. Рухавікі кампаніі стаяць на нарвежскіх патрульных караблях, выведвальным судне і запланаваныя да пастаўкі на ледакольныя судны, якія будуюцца для мінабароны.

Карабельныя рухавікі - адна з самых праблемных галін для расейскага суднабудавання. У праект стратэгіі развіцця суднабудаўнічай прамысловасці Мінпрамторга сітуацыя з карабельнымі рухавікамі названая «асоба крытычнай». Да 2014 года значную частку з іх Расея закупляла ва Украіне і ў краінах NATO, аднак гэта стала немагчымым праз уведзеныя санкцыі.

Спробы закупіць кітайскія рухавікі не задаволілі расейскіх вайскоўцаў, пісалі расейскія спецыялізаваныя выданні, у тым ліку праз сталыя паломкі. У склад прадаванага нарвежскага завода ўваходзіць не толькі вытворчая пляцоўка, але і канструктарскае бюро. У канцы 2020 года расейскі пастаўшчык рухавікоў для вайскоўцаў - Аб'яднаная суднабудаўнічая карпарацыя - паведамляў пра стварэнне навукова-тэхнічнага цэнтра суднавых рухальных установак разам з «Траншмашхолдынгам».

Міністр юстыцыі паведаміла, што плануе правесці асобны брыфінг аб сітуацыі з чальцамі парламента. «Нарвегія вітае замежныя інвестыцыі, але яны павінны быць збалансаваныя з патэнцыяльнымі пагрозамі нацыянальнай бяспецы», - дадала яна.

Апошнія навіны