Таленавіты лекар звальняецца на знак салідарнасці з анэстэзіёлагам-рэаніматолагам з Віцебска Уладзімірам Мартавым
- 9.03.2021, 10:12
Салідарнасць медыкаў набірае абароты.
Лекар, паважаны чалавек і высакакласны спецыяліст, Дзмітрый Харкаў, лекар-хірург, загадчык аддзела перспектыўных кірункаў высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі, ГУ «Менскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі» публічна заявіў пра сваю пастанову пакінуць займаную ім пасаду ў сувязі з падзеяй, якая чарговым разам узрушыла медыцынскую супольнасць Беларусі.
Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал «Белыя халаты».
Дзмітрый Пятровіч глыбока абураны фактам скасавання працоўнага кантракту паміж Віцебскай БСМП і лекарам анэстэзіёлагам-рэаніматолагам Уладзімірам Мартавым, спецыялістам найвышэйшага ўзроўню і чалавекам выключных маральных якасцяў.
Непадаўжэнне кантракту з лекарам Мартавым В.Ю. ініцыявана адміністрацыяй БСМП г. Віцебска, магчымая прычына - грамадзянская пазіцыя і сумленнасць лекара.
Дзмітрый Харкаў глыбока абураны сітуацыяй у медыцынскай сферы ў Беларусі і перакананы, што са звальненнем такіх спецыялістаў як Мартаў В.Ю. пачынаецца чарговая «справа лекараў», калі медыкаў пераследуюць за праўду і сумленнасць.
Таму, загадчык аддзела перспектыўных кірункаў высокатэхналагічнай медыцынскай дапамогі, ГУ «Менскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі» Харкаў Д.П. прыняў складаную пастанову, выказаўшы салідарнасць з Мартавым В.Ю, і напісаў заяву аб спыненні сваіх працоўных стасункаў з былой 9 бальніцай па заканчэнні тэрміну яго кантракту.
«На такі смелы ўчынак можа пайсці толькі чалавек, чыё сумленне чыстае, а жаданне справядлівасці важнейшае за асабістыя інтарэсы.
Ніхто не зможа дапамагчы нашым калегам, акрамя нас саміх.
Медыкі, цяпер прыйшоў час салідарнасці!», - адзначае тэлеграм-канал.