BE RU EN

СМІ: Уладальніку гандлёвай сеткі Green налічылі $5 мільёнаў за выхад з СІЗА

  • 6.03.2021, 14:30

Крыніцы паведамляюць, што суму ўжо пачалі збіраць.

Буйны прадпрымальнік, сузаснавальнік кампаніі «Рапа» Генадзь Кірэйкаў быў затрыманы ў пачатку лютага.

Па чутках у бізнэс-колах, рэальнай прычынай затрымання Кірэйкава, наступных пагроз і санкцый у дачыненні да кампаніі стала актыўная пазіцыя асобных мэнэджараў сеткі Green, якія бралі актыўны ўдзел у пратэстах супраць беззаконня і фальсіфікацыі выбараў.

Ці магло быць, што кампанія сапраўды адмовілася браць на рэалізацыю тавары асобных дзяржаўных вытворцаў? Некаторыя суразмоўцы «Нашай Нівы» дапускаюць такую імавернасць, але задаюцца пытаннем, у чым тут можа быць крымінал.

Як ідуць справы ў Green? Невядома ні пра адну краму, якая б зачынілася. Дасведчаныя крыніцы нават кажуць, што Green мае планы пашырэння.

І вось самому Генадзю Кірэйкаву, як кажуць блізкія, ужо назвалі «суму за выхад» - і яе пачалі збіраць.

«Гэта звычайная практыка, калі бізнэсоўцу называюць суму «выкупу». Могуць на паперцы напісаць, могуць налічыць «афіцыйна» для «кампенсацыі шкоды» ў рамках Крымінальнага кодэкса. Амаль любому бізнэсоўцу буйнога маштабу можна што-небудзь ды «налічыць», усе хто жыве ў Беларусі, разумеюць, што такі дзень аднойчы можа надысці», - тлумачаць крыніцы з бізнэс-колаў.

У выпадку Кірэйкава называюць суму ў пяць мільёнаў даляраў.

Тым не менш затрыманне бізнэсоўца ўжо ўдарыла па будоўлі гандлёва-забаўляльнага комплексу на месцы Чэрвеньскага рынку.

Наколькі нам вядома, у сувязі з затрыманнем галоўнага акцыянера, будаўніцтва страчвае абароты.

Фатограф «Нашай Нівы» заспела рабочых, але іх было няшмат.

ФОТА: «НАША НІВА»

Будаўніцтва гандлёва-забаўляльнага комплексу павінна было пачацца яшчэ ў 2013-м, калі малых прадпрымальнікаў выгналі з пляцоўкі.

ФОТА: «НАША НІВА»

Аднак некалькі забудоўшчыкаў, не выяўляючы імпэту ў будаўніцтве, адзін за адным страчвалі гэты ўчастак, пакуль у 2019 годзе «Рапа» і браты Кімы не выкупілі кампанію, якая атрымала права забудовы.

Гандлёва-забаўляльны комплекс павінен з'явіцца ўжо ў 2023 годзе.

Апошнія навіны