BE RU EN

Лукашысты ўчынілі налёт на ўстаноўчую канферэнцыю Лігі студэнцкіх аб'яднанняў

  • 6.03.2021, 10:56

Затрыманыя дзясяткі чалавек.

Устаноўчая канферэнцыя Лігі студэнцкіх аб'яднанняў праходзіла ў менскім бізнэс-клубе «Імагуру». Учора там павінны былі выбіраць старшыню студэнцкага прафзвязу, паведамляе «Радыё Свабода».

Аднак на мерапрыемстве з'явіліся сілавікі ў масках, былі затрыманыя дзясяткі студэнцкіх актывістаў.

Затрымалі таксама журналіста Арцёма Ляву, які рыхтаваў матэрыял з мерапрыемства. Яго разам з тэхнікай даставілі ў РУУС, але пазней выпусцілі, паведамляе БАЖ.

Валанцёры @spiski_okrestina і тэлеграм-канал «Студэнцкая думка» апублікавалі спісы затрыманых.

Як распавяла ў «Фэйсбуку» заснавальніца Бізнэс-клуба «Імагуру» Таццяна Марыніч, пасля ўварвання сілавікоў супрацоўнікі і каворкеры не мелі магчымасці пакінуць памяшканне або ўвайсці ў будынак. Удзельнікаў канферэнцыі вывелі з будынка, пасадзілі ў аўтазакі і павезлі. Сярод затрыманых ёсць супрацоўнік «Імагуру».

«Мы не разумеем, калі і як гэта скончыцца. Мы расцэньваем, што здарылася як сілавы захоп, які не мае пад сабой ніякай прававой асновы. Гэта новая хваля рэпрэсій, маскі-шоў у офісах, якія ставяць мэтай пад сабой застрашванне і ліквідацыю ўсіх актыўных і вальнадумных людзей», - напісала Таццяна Марыніч.

У незалежны прафзвяз Лігі студэнцкіх аб'яднанняў увайшлі прадстаўнікі ініцыятыў студэнтаў сямі ВНУ: Белдзяржуніверсітэта (БДУ), Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (БНТУ), Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (БДПУ), Беларускага дзяржаўнага медуніверсітэта (БДМУ), Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (БДАМ ), Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў (БДУКМ) і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (БДАМ).

На ўстаноўчай канферэнцыі планавалася правесці выбары кіраўніцтва, прыняць праграмы дзеянняў, абмеркаваць планы працы арганізацыі, паслухаць лідараў мясцовых студэнцкіх арганізацый.

Апошнія навіны