BE RU EN

Жыхар «Пірса»: Сцяг вісеў у мяне на тэрасе яшчэ з лета

  • 3.03.2021, 16:51

Жыхар квартала, што месціцца каля Менскага мора, распавядае пра падзеі апошніх дзён.

Гісторыя з загадкавай эвакуацыяй аўтамабіля, якая адбылася ўчора вечарам у Ратамцы, прымусіла беларусаў ізноў успомніць аб барацьбе сілавікоў з бел-чырвона-белымі сцягамі. Здавалася, што «зачыстка» ад сімволікі праведзеная ўжо цалкам, але ўсё ж не - у асобных дамах і вокнах усё яшчэ можна сустрэць сцягі. Можа, праз аддаленасць ад Менска, а можа, і з іншых прычын на жылы комплекс «Пірс» і сцяг, што раздзімаецца на адной з тэрас, людзі ў форме пільнай увагі не звярталі. Да ўчорашняга вечара, піша onliner.by.

- Сцяг вісеў у мяне на тэрасе яшчэ з лета, - дзеліцца Ілля Квачэнка. - Праз гэта да мяне перыядычна прыходзілі нейкія дзіўныя людзі ў цывільным, стукалі ў дзверы, але, паколькі прадстаўляцца яны адмаўляліся, гутарыць з імі я не згаджаўся. І вось учора ўвечары блізу 17 гадзін нарэшце прыехалі людзі ў форме.

Хлопец распавядае, што не быў настроены размаўляць з сілавікамі, а таму зноў наважыў не адчыняць дзверы. Людзі ў форме занялі чакальную пазіцыю. Калі Ілля выйшаў на тэрасу, «госці» папрасілі яго спусціцца ўніз «для размовы». Мянчук адмовіўся: маўляў, дасылайце позву, афармляйце сустрэчу афіцыйна.

- Сілавікі не здаліся. Па маіх падліках, у сваім аўто яны прасядзелі амаль чатыры гадзіны, мабыць, чакаючы, што я выйду на вуліцу. А потым прыехаў эвакуатар і ўзяўся за справу. Пагрузка ішла вельмі павольна. Думаю, што такім чынам мяне спрабавалі справакаваць выйсці на вуліцу. Але я ўсё ж не пайшоў. Затое на вуліцу высыпалі суседзі - падтрымаць мяне захацелі чалавек дваццаць-трыццаць.

Ігар адзначае, што аўто, якое ўчора ўвечары эвакуявалі, належыць нават не яму - аформленае на брата.

- Сёння блізу 9 раніцы да мяне зноў прыехалі. Спачатку, як звычайна, стукалі, потым адключылі святло. У нейкі момант я заўважыў, што па кварталу едзе вышка, і вырашыў сам зняць сцяг, каб яго не сарвалі і не забралі. Крыху пазней я ўжо наважыў выйсці «здацца» (усё адно ўсё звядзецца да арышту), але да таго моманту сілавікі ўжо з'ехалі.

Позву мне ўсё ж уручылі - заўтра трэба з'явіцца ў РУУС, але я асабліва не перажываю з гэтай нагоды: дамову з адвакатам уклаў, да арышту я даўно маральна гатовы. Закон і падтрымка людзей на маім баку, адзінае, жонка вельмі хвалюецца, - падсумоўвае мянчук.

Апошнія навіны