BE RU EN

На вокладцы - «Пагоня»: як выглядалі пашпарты БНР

  • 23.03.2021, 15:38

Людзі актыўна звярталіся ў Народны сакратарыят БНР з просьбамі выдаць дакумент грамадзяніна беларускай дзяржавы.

Як выглядалі пашпарты БНР? Хто імі карыстаўся? Дзе іх друкавалі? Сайт tut.by пашукаў адказы ў гісторыкаў.

На вокладцы - герб "Пагоня". Усярэдзіне - 12 старонак. Упісаныя звесткі ўладальніка: дзяржаўная прыналежнасць, узрост, колер вачэй і асаблівыя прыкметы. Як выглядалі пашпарты БНР, можна ўбачыць на выставе ў Нацыянальным гістарычным музеі.

Пашпарт грамадзянкі БНР, што экспануюцца на выставе «1918: БНР - ІДЭЯ. КРАЙ. ДЗЯРЖАВА. КРОК ДА НЕЗАЛЕЖНАСЦІ» ў Нацыянальным гістарычным музеі. Дакументы захоўваюцца ў фондах гарадзенскага гістарычна-археалагічнага музея
ФОТА: ЗМІЦЕР БРУШКО, TUT.BY

Адзін з дакументаў належаў грамадзянцы БНР Клары Заяц. Гэта замежны пашпарт, які ёй выдала консульства БНР у Бэрліне ў 1920 годзе. Дакумент з фондаў Гарадзенскага дзяржаўнага гістарычна-археалагічнага музея.

Пашпарты і пасведчанні аб грамадзянстве БНР выдаваліся з вясны 1918 года, распавядае польская гісторык Дарота Міхалюк у кнізе «Беларуская Народная Рэспубліка 1918-1920 гадоў: ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці».

«Лічылася, што грамадзянінам БНР з'яўляецца кожны чалавек, які да 1914 года жыў на тэрыторыі ў межах БНР і які карыстаўся раней правамі расейскага грамадзяніна. Такія людзі аўтаматычна станавіліся грамадзянамі БНР. Грамадзянства распаўсюджвалася таксама на ваеннапалонных і ўцекачоў, якія ў 1915 годзе былі эвакуаваны з тэрыторыі Беларусі», - адзначаецца ў даследаванні.

Беларусы звярталіся ў Народны сакратарыят БНР з просьбамі выдаць пасведчанне аб месцы жыхарства для нямецкіх улад, каб потым дамагчыся ад тых дазволу на падарожжы па Беларусі. Як піша Дарота Міхалюк, такія пасведчанні Народны сакратарыят БНР выдаваў у тым ліку жыхарам Вільні, Наваградскага, Ваўкавыскага, Пружанскага, Лепельскага, Слуцкага, Менскага і нават Чэрыкаўскага паветаў: «Гэтыя людзі атрымлівалі пасведчанні, што з'яўляюцца беларусамі з пункту гледжання грамадзянства. Так, Вацлаву Маліноўскаму выдалі пасведчанне, што ён з'яўляецца ўладальнікам маёнтка Беласточка ў Заблудаўскай воласці Беластоцкага павета Гарадзенскай губерні».

Кніжкі пашпартоў БНР друкаваліся ў выдавецтве Язэпа Галеўскага ў Бэрліне.

Акрамя дакумента Клары Заяц, на выставе ў Нацыянальным гістарычным музеі можна ўбачыць пашпарты сябраў Рады БНР Язэпа Варонкі і Канстанціна Езавітава.

- Гэтыя пашпарты - галоўны захаваўся элемент таго часу, які сведчыць пра беларускую дзяржаўнасць. Вядома, ёсць і іншыя дакументы, устаўныя граматы ды іншае, але пашпарт - гэта дакумент грамадзяніна, - тлумачыць гісторык Ігар Мельнікаў. - У розных архівах мне сустракалася блізу дзясятка пашпартоў БНР. Збольшага гэта дыпламатычныя дакументы, якія выдаваліся ў консульствах БНР у Рэвелі (Таліне), Коўне, Рызе, Адэсе, Бэрліне,

У архіве Ігара Мельнікава ёсць выявы пашпарта БНР, выдадзенага габрэю Хаіму Бяліку.

Пашпарт БНР, выдадзены Хаіму Бяліку
Фота з архіва гісторыка Ігара Кузняцова

- Ён вучыўся ў Валожынскім ешыбоце (вышэйшая школа, цэнтр традыцыйнага габрэйскага навучання - заўвага TUT.BY), але жыў ва Украіне - і пайшоў у Адэсе ў прадстаўніцтва БНР атрымліваць беларускі пашпарт.

У дакуменце, дарэчы, адзначана, што Хаім Бялік нарадзіўся ў Слоніме Гарадзенскай губерні, ягоная дзяржаўная прыналежнасць - беларус.

- Пашпарт яму патрэбны быў, каб паехаць у Палестыну. Але ён не пайшоў па пашпарт у прадстаўніцтва якой-небудзь іншай краіны. То бок, людзі, якія карысталіся такімі пашпартамі, верылі, што Беларусь мае права і можа быць незалежнай, - распавядае Ігар Мельнікаў.

Пашпарт БНР, выдадзены Хаіму Бяліку
Фота з архіва гісторыка Ігара Кузняцова

Ігар Мельнікаў адзначае, што ставіліся ў пашпарце і візавыя адзнакі.

- Пісалі, куды чалавек едзе, ставілі пячатку. Прычым рабілі гэта менавіта ўлады ці консульства БНР. Значыць, такі дазвол на праезд прызнаваўся, значыць, чалавек карыстаўся гэтым дакументам.

Апошнія навіны