BE RU EN

Рэжым Лукашэнкі абнавіў базу «дармаедаў»

  • 1.03.2021, 21:21

З траўня з «дармаедаў» будуць браць па поўных тарыфах за ацяпленне і газ.

Рэжым Лукашэнкі абнавіў базу не занятых у эканоміцы. У яе трапілі тыя, хто не змог пацвердзіць занятасць за 4-ты квартал мінулага года. З 1 траўня з тых, хто трапіў у дармаедскую базу і ў каго ёсць ва ўласнасці жыллё, плануюць спаганяць аплату поўнымі тарыфамі за газазабеспячэнне і ацяпленне (цяпер - толькі за гарачую ваду). Тым часам чыноўнікі працягваюць шукаць «дармаедаў» і склалі план працы на гэту пяцігодку, а службы занятасці і падатковая маюць намер «прыняць вычарпальныя захады прыцягнення гэтых грамадзян у эканоміку горада».

Дармаедскую базу абнаўляюць штоквартальна. Каб не трапіць у абноўленую ў лютым базу, да 21 студзеня трэба было паспець падаць у камісію каардынацыі работы садзейнічання занятасці дакументы, якія пацвярджаюць занятасць, піша tut.by.

Беларусы могуць праверыць у анлайн-рэжыме, ці не ўключылі іх у гэтую базу. Зрабіць гэта можна на Адзіным партале электронных паслуг. З 20 лютага да 1 сакавіка гэтая паслуга падачы звестак аб аднясенні працаздольнага грамадзяніна да незанятых у эканоміцы была недаступная, чыноўнікі абнаўлялі базу.

Што трэба зрабіць, каб паглядзець анлайн, ці ўключылі вас у базу

Каб паглядзець на Адзіным партале электронных паслуг, ці ўключылі вас у базу дармаедаў, трэба атрымаць ключ электроннага лічбавага подпісу або ўнікальны ідэнтыфікатар, то бок логін і пароль. Яны будуць патрэбны для ўводу ў асабістым электронным кабінеце на Адзіным партале электронных паслуг. Атрымаць логін і пароль можна ў службе «Адно акно» па месцы жыхарства або падысці ў Нацыянальны цэнтр электронных паслуг.

Пасля аўтарызацыі на Адзіным партале электронных паслуг трэба абраць у спісе даступных паслуг катэгорыю «праца і занятасць», код паслугі - 3.33.03.2 («Падача звестак аб аднясенні грамадзяніна да незанятых у эканоміцы»).

Пасля гэтага трэба клікнуць на «замовіць», пасля чаго пацвердзіць сваю замову. Пасля ўсіх гэтых маніпуляцый трэба націснуць на «атрымаць», пасля чаго з'явіцца інфармацыя з нумарам замовы, датай і часам, а таксама імем таго, хто выканаў заказ.

А колькі знаходзяць «дармаедаў»

Чыноўнікі па-ранейшаму не агучваюць, колькі чалавек агулам па краіне знаходзіцца ў базе не занятага ў эканоміцы насельніцтва і колькі з іх ужо атрымліваюць «пацяжэлыя» квітанцыі. Да прыкладу, у Менску ў канцы снежня летась налічылі 67 тысяч дармаедаў. У некаторых рэгіёнах раней таксама агучвалі звесткі па колькасці тых, каго ўключылі ў базу незанятага ў эканоміцы насельніцтва. Аднак агулам па краіне звесткі не размяшчаюцца ў адкрытым доступе.

Раней чыноўнікі паведамлялі, што ў базе не занятых у эканоміцы ў цэлым па краіне лічыцца блізу 500 тысяч чалавек. Улады прагназавалі, што «дармаедскія» жыроўкі атрымаюць 54 тысячы чалавек. Іх дасылаюць тым, хто трапіў пад дэкрэт па садзейнічанні занятасці насельніцтва, пры гэтым мае ва ўласнасці кватэры. Пры гэтым у некаторых раёнах рахункі поўнымі тарыфамі за падагрэў вады ніхто з уключаных у базу не атрымаў, сярод іх - Браслаўскі, Лёзненскі, Маларыцкі (звесткі сёлета на красавік).

Нагадаем, пасля запуску базы не занятых у эканоміцы «выявілася шмат памылак, пачаліся званкі ад людзей, якія трапілі ў базу выпадкова, сярод іх - і працаўладкаваныя, і пенсіянеры. Як паведамляла выданне mlyn.by, таксама сустракаліся гісторыі, калі чалавек даўно з'ехаў за мяжу або яго ўжо няма ў жывых, а ў базу дармаедаў ён усё роўна патрапіў. У базу ўключылі дзяўчыну, якая 20 гадоў таму загінула ў цісканіне на Нямізе.

Апошнія навіны