Эксперты: Беларускія заробкі хутка могуць абрынуцца праз рэзкі скачок даляра
- 27.02.2021, 14:00
Без знешніх пазык амерыканская валюта падаражэе да пяці беларускіх рублёў.
Выданне «Інфабанк» сабрала меркаванні экспертаў у эканамічнай сітуацыі ў Беларусі ў 2021 годзе.
Пытанне «які сярэдні заробак у далярах будзе ў 2021 годзе?» зводзіцца толькі да наступнага: вышэйшы за $ 500 ці ніжэйшы за $ 500? Бо перспектыва істотнага, радыкальнага павелічэння даляравых заробкаў у Беларусі нават і не праглядаецца, а вяртанне на дакрызісны пікавы ўзровень можа быць толькі ў самым лепшым выпадку, піша «Інфабанк».
І калі ў BYN-рублях спрагназаваць узровень сярэдняга заробку 2021-га можна з даволі высокай дакладнасцю – зыходзячы з традыцыйнай сезоннай дынамікі сярэдняга заробку ў краіне і ўзроўню яе інфляцыйнага прырашчэння – то прадказаць яе даляравы памер нашмат складаней: прадбачыць, які будзе курс даляра ў Беларусі, цяпер не можа ніхто.
Бо ўсё залежыць ад таго, ці дасць Расея сёлета грошы сённяшняй беларускай улады і, галоўнае, колькі?
Калі «даляравай залевы з Расеі» ў Беларусі не будзе, ці яна будзе «дробным дожджыкам», які прынясе не больш за $ 1 млрд, курс гарантавана вылеціць за межы 3 BYN / $, і можа дасягнуць нават 5 BYN / $.
А ўжо ж пры сярэднегадавым курсе вышэйшым, чым 2,9 BYN / $, даляравы памер сярэднегадавога беларускага заробку ў 2021 годзе стане ніжэйшым за «запаветныя» $ 500.
А ў найгоршым выпадку, калі з замежнай валютай у краіне справы стануць вельмі дрэнныя, і ў дэвальвацыйным маштабе 2021-ы паўторыць лёс 2011-га, заробкі ў Беларусі ўпадуць ніжэй за $ 400. І такі варыянт развіцця падзей зусім не выключаны.