BE RU EN

Расейскія і літоўскія мытнікі канфіскавалі буйныя партыі беларускіх цыгарэт

  • 25.02.2021, 19:12

Кіроўца арыштаваны.

Мытныя службы Расеі і Літвы паведамілі пра затрыманне буйных партый кантрабандных цыгарэт з Беларусі.

Больш за 20 тысяч пачак цыгарэт з акцызнымі маркамі Беларусі знайшлі ў мяшках з дэкаратыўнай дранкай супрацоўнікі Балтыйскай мытні. Санкт-пецярбургская фірма экспартавала ў Нямеччыну 19,5 тон тавару «дранка драўняная дэкаратыўная з іглічных парод драўніны».

Падчас агляду кантэйнера былі выяўленыя нехарактэрныя зацямненні. Пры ўскрыцці 40-футавага кантэйнера мытнікі выявілі больш за 1000 папяровых карычневых мяшкоў. Унутры ўпаковак знаходзіліся чорныя поліэтыленавыя пакеты з пачкамі цыгарэт «NZ» з акцызнымі маркамі Беларусі. Усяго выяўлена 20 тысяч пачкаў цыгарэт.

КАНФІСКАВАНЫЯ Ў ЛІТВЕ ЦЫГАРЭТЫ. ФОТА: LRMUITINE.LT

Таксама кантрабандныя цыгарэты знайшлі ў грузавіку Iveco, якім кіраваў грамадзянін Беларусі, што прыбыў на памежны пункт «Райгорад» 18 лютага. Кіроўца заявіў, што перавозіў 22 тоны бетонных блокаў з Беларусі ў адну віленскую кампанію. Аднак высветлілася, што блокі былі проста імітацыяй грузу. З блокаў былі зробленыя полыя схованкі, у якіх знаходзіліся тысячы пакетаў кантрабандных цыгарэт. У некаторых сховішчах замест цыгарэт быў заліты бетон, каб замаскіраваць розніцу ў вазе.

Паводле папярэдніх ацэнак, знойдзена не менш за 100 000 пачкаў беларускіх цыгарэт «Minsk Superslims» і «NZ Gold». Іх кошт з абавязковымі падаткамі складае блізу €355 тысячаў. Кіроўца арыштаваны на месяц.

Раней паведамлялася, што на польскай мяжы затрымалі кантрабанду з 1,8 мільёна пачкаў беларускіх цыгарэт прыкладным коштам блізу $7,5 млн. Гэта самая буйная спроба кантрабанды цыгарэт, сарваная на памежных пунктах Польшчы.

Апошнія навіны