BE RU EN

Экс-кіраўнік Нацбанку аб «замарожванні» коштаў: Прадукцыя пойдзе на чорны рынак ці за мяжу

  • 25.02.2021, 14:33

Папулісцкую пастанову неўзабаве давядзецца касаваць.

Былы старшыня Нацбанку Станіслаў Багданкевіч у каментары udf.by адзначыў, што адміністрацыйнымі захадамі рост коштаў у працяглай перспектыве не спыніць.

«На кароткі перыяд часу, на месяц-два, гэта можна зрабіць. Але калі больш, то з’явяцца праблемы ў гандлі, дэфіцыты тых ці іншых тавараў. Прадукцыя пойдзе на чорны рынак ці за мяжу», - сказаў Багданкевіч.

У сасцетках з нагоды пастановы ўрада пішуць: вялікая імавернасць, што праз яе прамінулай датай будуць павышаць кошты названых тавараў, а заадно на ўсялякі выпадак пачнуць падымаць кошты астатніх. Багданкевіч гэтаму не здзіўлены.

«Гэта нармальная рэакцыя разважных прадпрымальнікаў. Мой сын будуе дом у вёсцы, шукаў дзе набыць вокны. Параўнаў кошты ў дзвюх кампаній: у адной была зніжка 50%, у другой - без. Толькі вось кошты выявіліся аднолькавымі. Народ не дурны, шукае шляхі захавання рэнтабельнасці свайго бізнэсу. І гандаль, і аптэкі таксама будуць шукаць гэтыя шляхі, інакш ім давядзецца закрывацца і станавіцца банкрутам», - мяркуе былы кіраўнік Нацбанку.

На ягоную думку, пастанова ўрада папулісцкая.

«Вядома, у Савецкім Саюзе практыка адміністрацыйнага рэгулявання цэн і пустых паліц у крамах доўжылася дзясяцігоддзі. Але ў сучасным свеце гэтую пастанову давядзецца неўзабаве касаваць. Думаю, гэта папулісцкі крок, накіраваны на часовае развязанне праблемы. Гэта рэакцыя ўрада на выступ Лукашэнкі, дзе ён раскрытыкаваў прыватны бізнэс», - мяркуе Багданкевіч.

Апошнія навіны