Вайсковец, які перайшоў на бок народа: Ні каліва не шкадую, што звольніўся
- 25.02.2021, 14:47
Афіцэр распавёў, што адчуваў, стоячы ў ачапленні каля Стэлы.
Зміцер (імя зменена на просьбу героя публікацыі - С.) камандаваў узводам ў адной з вайсковых частак у Менску, пасля выбараў вымушаны быў напісаць рапарт на звальненне.
- Я шчыра выказваў сваю пазіцыю і намер галасаваць за Святлану Ціханоўскую, - распавёў «Салідарнасці» былы вайсковец.
Паводле ягоных слоў, ён і да выбараў цікавіўся тым, што адбываецца ў краіне, сачыў за навінамі, але не асабліва афішаваў свае погляды. Такіх, як ён, сярод яго кола камандзіраў былі адзінкі:
- Большасць прызвычаілася слухаць, што кажа ім начальства, ідэолагі.
Што да жаўнераў тэрміновай службы, то многія з іх проста баяцца гаварыць пра палітыку, ім бы проста даслужыць ў войску. Але, як паказалі падзеі жніўня, страх часам адступае.
- Я ўжо пасля выбараў пачуў гэтую гісторыю. Падчас датэрміновага галасавання камандаванне нейкім чынам даведалася, што многія салдаты галасуюць за Ціханоўскую. І тады на ўзроўні камандзіраў падраздзяленняў пачалося: жаўнераў сталі агітаваць галасаваць за Лукашэнку.
Каб не стаяць у ачапленні ў горадзе ў першыя дні пасля выбараў, Дзмітрый пайшоў на лісток непрацаздольнасці. Але адзін раз яму ўсё ж давялося ўдзельнічаць у такім выездзе. Гэта было каля стэлы, ягонае падраздзяленне было рэзервовым і ў ачапленне не стаяла.
Від людскога мора на вуліцах горада ўразіў яго.
- Я тады падумаў: «Што я тут раблю? Хутчэй бы звольніцца».
Дзмітрый апублікаваў у сацсетках відэа таго, што адбываецца ў тыя дні на вуліцах Менска. Хтосьці паскардзіўся кіраўніцтву, і з ім пачалі праводзіць гутаркі. Дайшло нават да намесніка ідэалогіі часткі.
Са слоў былога вайскоўца, на ягоныя пытанні аб тым, чаму войска, чыім прызначэннем з'яўляецца абарона ад замежнай пагрозы, у мірны час выводзіцца на вуліцы гарадоў, адказаў не было. Хіба што невыразнае тлумачэнне: маўляў, а што рабіць, калі ўнутраных войскаў не стае?
- Праз некаторы час ад мяне запатрабавалі запісаць відэа «у падтрымку дзяржавы», у якім мне трэба было сказаць, што я, афіцэр Рэспублікі Беларусь, выступаю за моцную і квітнеючую Беларусь і падтрымліваю Лукашэнку. Я адмовіўся. І мне сталі пагражаць звальненнем з Узброеных сіл.
Дзмітрый напісаў рапарт на звальненне, але да таго моманту прыйшоў загад на перавод у іншую частку. Звальняцца давялося з новага месца службы. Расстанне з войскам было няпростым: Дзмітрыю сказалі, што не звольняць з уласнага жадання, а толькі з парушэннем умоваў кантракту. Таму яму давялося спазняцца і не выходзіць на службу.
- Я хацеў сысці пасля выбараў, бо цудоўна разумеў, што цяпер войска абараняе Лукашэнку, а не народ. Паступаючы ў вайсковую акадэмію, я даваў прысягу на вернасць народу, а не пэўнаму чалавеку, - кажа «Салiдарнасцi» былы вайсковец.
Зараз Дзмітрый часова не працуе. Ён наведвае курсы праграмавання, а таксама на сувязі з фондам BYSOL, створаным для надання дапамогі і падтрымкі тым, хто пазбавіўся працы з палітычных прычын.
Пра сваю пастанову сысці з войска суразмоўца не шкадуе, хоць і былі пэўныя страхі праз неабходнасць кампенсаваць выдаткі на вучобу. Ды і ў сям'і яго цалкам падтрымалі.
- У мяне і да жніўня ўжо не было жадання служыць. Ты ўвесь час на працы, цябе могуць у кожны момант выклікаць. Вымовы ад камандзіраў пастаянныя з надуманых прычын. І за гэта ўсё - заробак 800 рублёў. Так сабе задавальненне. Але пасля таго, што было пасля выбараў... у мяне і знаёмыя пацярпелі, я ні каліва не шкадую аб тым, што звольніўся.