BE RU EN

І гэта ўсё пра яго

  • АНДРЭЙ САННІКАЎ
  • 25.02.2021, 12:59

Хацелася б, каб барацьба за свабоду Навальнага ўключала і пытанні адхілення Лукашэнкі ад улады.

Я яму ўдзячны, што хоць так, праз яго асабісты лёс, грамадскасць пачынае абмяркоўваць пытанні, важныя і для нас, беларусаў. Сваё меркаванне пра Навальнага-палітыка я выказваў і паўтараць яго не збіраюся. Яно цяпер, як той казаў, ірэлевантнае.

Таксама неаднаразова я казаў пра тое, што кожнага, хто патрапіў за краты за сваю дзейнасць супраць дыктатуры, важаю і буду ўважаць за палітычнага зняволенагау і буду намагаць на такім фармальным прызнанні. І пляваць, што думаюць на гэты конт міжнародныя і ўласныя праваабаронцы.

Я даўно ўжо заўважыў, што праваабаронцы вылучыліся ў асаблівую нейкую касту, якая як бы не мае дачынення да таго, што адбываецца ў розных гарачых для правоў чалавека мясцінах. Мы, маўляў, абыякава фіксуем парушэнні, а яшчэ мы, маўляў, маем міжнародныя крытэрыі, якімі мы кіруемся, каб раздаваць годнасць вязняў сумлення і палітвязняў. Быццам гэта заахвочванне і грашовая прэмія, а не катаванні ў турме.

Я так і ўяўляю сабе Маскоўскую Хельсінскую групу, якая, кіруючыся «міжнароднымі крытэрамі», пазбаўляе статусу вязня сумлення генерала Пятра Рыгоравіча Грыгарэнку за яго прыналежнасць да вайсковага стану, якое па вызначэнні звязана з гвалтам.

Абсурд? На жаль, не. Да гэтага мы і ідзём пад кіраўніцтвам Міжнароднай Амністыі.

Некалькі гадоў таму я спыніў з імі ўсялякую камунікацыю і кантакты праз іх подлую пазіцыю менавіта наконт статусу палітвязняў. Абмоўлюся, гэта тычыцца толькі штаб-кватэры Амністыі ў Лондане і яе супрацоўнікаў, якія акурат і вызначаюць палітыку арганізацыі. Гэта ніяк не тычыцца мясцовых аддзяленняў Амністыі ў розных краінах, я быў проста ў захапленні ад іх дзейнасці.

Чаму я спыніў камунікацыю? Бо сутыкнуўся не проста з неразуменнем важнасці падтрымкі змагароў за свабоду, якія апынуліся за кратамі, а з нейкім савецкім падыходам да гэтых пытанняў.

Пасля размовы з клеркамі з Амністыі ў справе Мікалая Аўтуховіча, справа яшчэ 2009 года, я зразумеў, наколькі гэтая арганізацыя забюракратызаваная, запалітызаваная, фактычна з праваабарончай ператварылася ў абаронцу інтарэсаў бюракратаў і лабістаў. Можна было б паслаць іх далей і не звяртаць увагі, але так гістарычна склалася, што менавіта яны раздаюць вызначэнні «палітычны вязень» або пазбаўляюць іх.

У выпадку з Мікалаем Аўтуховічам нам усё ж удалося дамагчыся прызнання яго палітвязнем, і то толькі пасля суда, калі ўсім ужо стала ясна, што справа супраць яго сфабрыкаваная. Барацьба за Мікалая сур'ёзна ўскладнялася тым, што ўсе нашы праваабаронцы не наважваліся нават пікнуць супраць Амністыі і цалкам выконвалі іх ўказанні.

Мікалай зноў у турме, зноў паводле сфабрыкаваных цяжкіх артыкулаў, і шанцаў прызнаць яго вязнем сумлення няма ніякіх. Бо так пастанавіла Міжнародная Амністыя.

Няма такіх шанцаў і ў Ігара Аліневіча.

Нават маці дваіх дзяцей Паліну Шарэнду-Панасюк не спяшаюцца прызнаваць палітычнай. Не, яе пакуль не абвінавачваюць у тэрарызме, затое ўкінулі інфармацыю, што яна нешта там пашкодзіла паліцэйскаму пры затрыманні. Калі гэта так, то гэта проста песня: атрымліваецца, што праваабаронцы становяцца на бок карніка, які падняў руку на жанчыну, бо гэтая жанчына наважылася абараняцца.

Вернемся да Навальнага. У свой час мне ўдалося дамагчыся ад Амністыі аднаго, доўга спрачаліся, але ўсё ж пагадзіліся: я прасіў, каб яны публічна не паведамлялі аб тым, што яны разглядалі які-небудзь выпадак і пастанавілі, што не могуць прызнаць чалавека палітвязнем. У дачыненні да Беларусі такое правіла дзейнічае дагэтуль і, спадзяюся, яго не скасуюць.

Часам агучванне інфармацыі пра тое, што зняволены не ўважаецца за палітычнага, можа стаць прысудам для чалавека ў турме. Гэта ж каманда "піль" для карнікаў.

Спадзяюся, што Навальнаму гэта подлая пастанова Амністыі не нашкодзіць так, як шкодзілі такія прысуды менш вядомым палітычным вязням.

Са свайго боку абяцаю ўсюды называць Аляксея Навальнага палітвязням і патрабаваць яго вызвалення.

Хацелася б, каб і нашы сапраўдныя сябры ў Расеі, які асабліва маюць палітычную вагу і міжнародныя сувязі, вывучылі імёны змагароў за свабоду ў Беларусі, як тых, у якіх няма шанцаў быць прызнанымі палітвязнямі, так і іншых вязняў сумлення, і дамагаліся іх вызвалення.

Хацелася б, каб барацьба за свабоду Навальнага ўключала і пытанні вяртання Крыма Украіне, і выхад Расеі з Данбаса, і адхіленне Лукашэнкі ад улады.

Увогуле, як заўсёды:

За вашу і нашу свабоду!

Андрэй Саннікаў, «Фэйсбук»

Апошнія навіны