BE RU EN

Папулярны расейскі актор захапіўся жаночымі маршамі ў Беларусі

  • 24.02.2021, 14:08

Ланцугі салідарнасці беларусак вярнулі Івану Янкоўскаму веру ў чалавецтва.

Расейскі актор Іван Янкоўскі захапіўся жаночымі маршамі, якія прайшлі ў Беларусі летам 2020 года. Пасля таго, як ён убачыў ланцугі салідарнасці беларусак з кветкамі, у яго з'явілася «надзея на светлую будучыню». Пра гэта ён распавёў у інтэрв'ю «КиноПоиску».

Інтэрнэт-сэрвіс «Кинопоиск» узяў інтэрв'ю ў расейскага актора Івана Янкоўскага, які выканаў галоўную ролю ў серыяле «Топі» (здымкі часткова прайшлі ў Беларусі - у Менску і Берасці). У жывым эфіры артыста папрасілі ўзгадаць самую добрую сітуацыю, якая дазволіла паверыць у сябе ці ў чалавецтва. Адказ Янкоўскага быў такім:

- Гэта было на здымках фільма «Топі», калі былі пратэсты [летам мінулага года ў Беларусі]. Быў дзень, калі дзяўчаткі выйшлі з гваздзікамі на праспект. Мы ў гэты момант ехалі з кавярні, у нас быў выходны. І я натуральна заплакаў, бо я такога ніколі не бачыў, калі, умоўна кажучы, за мужчын выйшлі дзяўчаты.

Увесь праспект, увесь бульвар, усе вуліцы проста былі напоўненыя дзяўчатамі, і яны стаялі з гваздзікамі, спявалі, махалі імі, а аўтамабілі, якія праязджалі побач, сігналілі, падтрымліваючы іх. Гэты момант - адзін з найбольш свежых, калі ў мяне была надзея на светлую будучыню з нагоды ўсяго - не толькі сітуацыі, дзе мы былі. Што існуе дабро, існуе святло. «Я за цябе - ты за мяне».

ЗДЫМАК НОСІЦЬ ІЛЮСТРАЦЫЙНЫ ХАРАКТАР. ФОТА: ЗМІЦЕР БРУШКО, TUT.BY

Першыя эпізоды серыяла «Топі» выйшлі ў канцы студзеня. Праект неўзабаве набраў папулярнасць і трапіў у топ-5 самых папулярных серыялаў на «КиноПоиске». Цяпер яго рэйтынг на гэтым партале - 7,5 на думку больш чым ста тысяч карыстальнікаў.

Апошнія навіны