BE RU EN

Экс-супрацоўнік адміністрацыі Лукашэнкі: «Апазіцыі» ва ўладзе вялізная колькасць

  • 9.12.2021, 17:26

Аднойчы райвыканкамы могуць лёгка перафарбавацца.

Лукашэнка падчас прызначэння кіраўнікоў раёнаў сказаў, што “апазіцыянераў” ва ўладзе ў Беларусі быць не павінна. Але пры гэтым заклікаў не ладзіць "паляванне на ведзьмаў".

“Філін” пагаварыў з экс-чыноўнікам, супрацоўнікам кіраўніцтва спраў прэзідэнта і НАК Анатолем Котавым аб стане ўнутры сістэмы.

- Страх з'явіўся па выніках кампаніі 2020 года. Людзей, незадаволеных уладай, было занадта шмат.

Беспрэцэдэнтная кампанія чыстак, якая хутка дагоніць сталінскія рэкорды, паказала, што "апазіцыянераў" ва ўладзе было занадта шмат. І гэта ўсё стварае пагрозу таго, што аднойчы Бялыніцкі райвыканкам лёгка перафарбуецца.

Недасканалая логіка рэпрэсіўнай машыны ў тым, што даводзяцца ледзь не паказчыкі для выяўлення “апазіцыянераў”. Гэтакае сацыялістычнае спаборніцтва, у каго спіс на звальненне будзе даўжэйшы.

Усё гэта стварае рукатворную ілюзію, што “апазіцыі” ва ўладзе вялізная колькасць. Хтосьці адкрыта заявіў пра гэта, кагосьці дасталі "з-пад ліштвы", кагосьці - яшчэ глыбей. Ствараецца ўражанне, што вакол "ворагі". І самае жудаснае - усярэдзіне таксама "ворагі".

Лічба подпісаў за Бабарыку не з'яўляецца сакрэтнай - здалі амаль паўмільёна подпісаў. І гэта быў яшчэ і ўнутраны аўдыт. Таксама трэба ўзгадаць тых, хто аддаваў подпісы за Цапкалу і Ціханоўскую, хаця там і ўзаемапаглыналася. А колькі яшчэ людзей, якія ўнутрана супраць, але подпісаў не паставілі? Ёсць чаго баяцца.

Анатоль Котаў мяркуе, што чысткі будуць працягвацца і надалей.

- Чысткі - гэта логіка сістэмы. Як ты будзеш купляць учорашніх "ворагаў", калі яны табе заўтра зноў здрадзяць?

І гэта ж не 18-19-гадовая моладзь, асноўная аўдыторыя - 30+. Гэта значыць людзі, якія некалькі дзесяцігоддзяў жылі за гэтай сістэмай, іх куплялі, але яны ўсё адно незадаволеныя. Гэта значыць, у разуменні ўладаў дзейнічаць можна толькі гарачым жалезам.

Як вызначыць тых, каго пакараць, а каго падкупіць? Можна спрабаваць ствараць крытэры, але тыя, хто сёння звальняе і рэпрэсуе, баяцца, што могуць стаць наступнымі ў чарзе, калі будуць выконваць працу з недастатковым запалам. Чаму пакінулі адных, а другіх звольнілі? Трэба разабрацца, можа, вы таксама з гэтых.

Нездаровая атмасфера і так прысутнічае ў органах улады, але зараз яе даводзяць да абсурду. Такая сістэма не можа доўга функцыянаваць, яна будзе самазнішчацца.

Апошнія навіны