Мігранты пачалі знікаць са склада ў «Брузгах»
- 9.12.2021, 13:45
Польскія вайскоўцы знаходзяць у іх дзіўныя метадычкі.
Транспартна-лагістычны цэнтр у "Брузгах" прыкметна спусцеў. Мігранты вызвалілі верхнія ярусы і пераехалі на першы паверх, паведамляе telegraf.by.
Разам з тым Федэральная паліцыя Нямеччыны на 7 снежня зафіксавала 10 864 незаконныя патраплянні ў краіну праз Польшчу з Беларусі.
У лістападзе такіх выпадкаў было 2 849. Адзначаецца, што цяпер назіраецца відавочная тэндэнцыя да зніжэння.
У сваю чаргу Мінабароны Польшчы апублікавала фота цыдулак мігрантаў. Як сцвярджаецца, там запісана інструкцыя ад беларускіх спецслужбаў - гадзіны змены на заставах, спосабы заблытаць след, напрамкі руху і інфармацыя аб неабходным камуфляжы.
Нагадаем, што 8 лістапада рэжым Лукашэнкі зладзіў маштабную правакацыю на польскай мяжы. Тысячы мігрантаў пад кантролем беларускіх спецслужбаў штурмавалі мяжу Польшчы. Польскі бок паведамляе, што ў наступных штурмах мяжы могуць узяць удзел да 10 тысяч нелегалаў.
15 лістапада беларускія вайскоўцы сагналі нелегалаў пад канвоем з іх лагера на мяжы з Польшчай да КПП "Брузгі-Кузніца".
16 лістапада мігранты пайшлі на штурм польскай мяжы.
Пасля гэтага мігрантаў размясцілі ў лагістычным цэнтры "Брузгі" на мяжы. Польская разведка паведаміла, што беларускія сілавікі ператварылі цэнтр "Брузгі" ў базу для нападаў мігрантаў на Польшчу.
26 лістапада Лукашэнка пабываў у лагеры мігрантаў, каб узняць іх на новы штурм польскай мяжы.
1 снежня беларускія спецслужбы абстралялі польскі прымежны горад Тэрэспаль. Абстрэлам былі знішчаны асвятляльныя мачты на мяжы з Беларуссю.