BE RU EN

Што чакае Расею, калі яе адключаць ад аплатнай сістэмы SWIFT

  • 8.12.2021, 14:35

Гэты захад уважаецца за крайні і надзвычай жорсткі.

Шэраг міжнародных СМІ, напрыклад Bloomberg, Reuters, Telegraph, CNN, пішуць, што ЗША рыхтуюць супраць Расеі новыя санкцыі. CNN называе іх нават «найгоршымі з усіх, якія калі-небудзь накладаліся на краіны, за выключэннем Ірана і Паўночнай Карэі».

Паводле звестак СМІ, ЗША могуць таксама паспрабаваць дамагчыся ад новага ўрада Нямеччыны прыпынення «Паўночнага струменю – 2», увесці санкцыі супраць расейскіх банкаў і экспарту тавараў з краіны, персанальныя абмежаванні супраць членаў найбліжэйшага асяроддзя Пуціна і расейскіх вытворцаў энэргіі, перакрыць доступ расейскім алігархам да замежных актываў. Самым балючым можа стаць адключэнне Расеі ад SWIFT.

«Настояее время» расказвае, чаму банкаўская сістэма SWIFT-аплат важная і як звычайныя расейцы адчуюць на сабе яе адключэнне, калі да гэтага ўсё ж дойдзе.

«Расеі неабходна загадзя ведаць, якая будзе эканамічная цана». Гэта словы міністра замежных спраў Латвіі, Эдгара Рынкевіча.

«Па-першае, нам трэба падрыхтаваць вельмі моцны пакет палітычных і эканамічных санкцый. Я не выключаю такіх захадаў, як санкцыі супраць «Паўночнага струменю – 2» і адключэнне ад SWIFT», - кажа кіраўнік МЗС.

Адключэннем ад SWIFT Расеі пагражаюць яшчэ з 2014 года, калі быў анэксаваны Крым і пачалася вайна на ўсходзе Украіны. Гэты захад уважаецца за крайні і надзвычай жорсткі. Сярод краін, якія перажылі такі досвед, толькі Іран і КНДР.

SWIFT, ці Society for Worldwide Interbank Financial Telecommunication, заснаваная ў 1973 годзе. SWIFT выкарыстоўваюць больш за 200 краін, гэта самая буйная ў свеце міжбанкаўская сістэма абмену інфармацыяй. З яе дапамогай банкі могуць хутка і бяспечна пераводзіць адзін аднаму аплаты. Расея выкарыстоўвае SWIFT вельмі актыўна: яна на другім месцы ў колькасці аперацый пасля ЗША. Калі адключыць расейскія банкі ад SWIFT, грамадзяне і бізнэс проста не змогуць прымаць і адпраўляць сродкі з-за мяжы і за мяжу праз банкаўскія пераводы.

Вядома, узнікае пытанне: а як адчуюць на сабе адключэнне SWIFT расейцы, якія не часта падарожнічаюць за мяжу, не пераводзяць туды грошы і не валодаюць бізнэсам? Напрыклад, бюджэтнікі ці пенсіянеры. Эканаміст Сяргей Хестанаў кажа, што многія сусветныя кампаніі, якія пастаўляюць свае тавары на расейскія рынкі, сыдуць. Пакупнікі ў крамах убачаць, што пагоршыўся асартымент і выраслі кошты. Пацярпець можа і курс рубля, а гэта можа прывесці да панікі.

Іншае пытанне, ці змогуць расейцы расплачвацца банкаўскімі картамі ўнутры краіны. І тут можна з упэўненасцю сказаць, што так. Расейскія ўлады да апакаліптычнага сцэнару падрыхтаваліся: у краіне дзейнічае свая ўласная Нацыянальная сістэма аплатных карт і свая сістэма хуткіх аплат. Гэта карткі «Мір». Менавіта на такія карты атрымліваюць заробкі бюджэтнікі яшчэ з 1 ліпеня 2018 года.

Амерыканскае агенцтва Reuters са спасылкамі на неназваных чыноўнікаў Белага дома піша, што новыя санкцыі могуць закрануць найбуйнейшыя банкі Расеі і, цытата, здольнасць Масквы канвертаваць рублі ў даляры і іншыя валюты. Эканаміст Сяргей Хестанаў кажа, што такі захад яшчэ ніколі не ўводзіўся, прыкладаў няма, таму і пра наступствы меркаваць складана. Эканаміст Максім Блант мяркуе, што такі захад можа ўдарыць па Еўропе, якой патрэбны расейскі газ.

Абодва эканамісты - і Максім Блант, і Сяргей Хестанаў - перакананыя, што да такіх радыкальных захадаў, як адключэнне ад сістэмы SWIFT або забарона на канвертаванне рубля, не дойдзе. Як не дойдзе і да новай вайны з Украінай.

Апошнія навіны