BE RU EN

Канстанцін Райкін прачытаў ліст беларускага героя Вітольда Ашурка ягонай маме

  • 8.12.2021, 12:24

Кранальнае відэа.

Фрагмент новага фільма "Галасы Новай Беларусі" рэжысёркі Аксаны Мысінай быў выкладзены ў інтэрнэт напярэдадні прэм'еры. У ім легендарны актор Канстанцін Райкін чытае ліст загінулага ў Шклоўскай калоніі пры нявысветленых абставінах беларускага героя Вітольда Ашурка ягонай маці.

Прэм'ера фільма запланаваная на 9 снежня а 20.30.

Рэжысёрка фільма - Аксана Мысіна, аўтар сцэнару - Андрэй Курэйчык, кампазітар - Сяргей Кучменка.

Ліст Вітольда Ашурка маме

«Мая любая матуля!

Атрымаў учора перад адбоем твой ліст і доўга чытаў і перачытваў яго! Ён маленькі - усяго некалькі слоў, але такі эмацыйны і пранізлівы, што аж сэрца сціскаецца!

Я таксама сумую па табе, мама! Тыя людзі, што гавораць, маўляў, дарослым не патрэбна мама, памыляюцца! Я памятаю ўсё, як ты адна гадавала нас з Андрэем, як табе хацелася, каб мы выраслі прыстойнымі людзьмі!

І зараз мне вельмі важна, каб Ты была здаровенькай і радавалася за сваіх дзяцей і ўнукаў! А яно так і атрымалася! Ты добра выхавала нас з Андрэем! Ніхто не будзе муляць табе вочы, што твае сыны злодзеі ці аферысты! Наадварот, мяне пасадзілі менавіта таму, што я казаў праўду, і заклікаў не мірыцца з жулікамі.

Калі б я, мама, не ўзначаліў нашу рэвалюцыю ў Лідзе, то, напэўна, я б сам сябе не паважаў! А калі ты ўжо сам сябе не паважаеш, дык ці варта чакаць павагі ад іншых людзей? Калі на 135 тысяч людзей Лідчыны ў нас не знайшлося хаця б аднаго, хто ўзяў бы на сябе адказнасць узняць паўстанне за праўду, то хто тады будзе нас, беларусаў, паважаць?»

Мама! Людзі паважаюць мяне! Ты выхавала мяне правільна!

На шчасце, у нас цудоўныя людзі, і яны мяне падтрымалі ўсёй душой! А цяпер, калі я часова патрапіў у турму, людзі яшчэ больш падтрымліваюць мяне, дасылаюць лісты і паштоўкі, перадаюць перадачы і перасылаюць грошы, выпісваюць мне газеты і моляцца па ўсёй Беларусі ў цэрквах і касцёлах!

Лістоў столькі, што я ледзь паспяваю адказваць! Я нават пакуль што прыпыніў вывучэнне англійскай мовы, каб было больш часу адказваць на лісты. Пішуць з Бярозаўкі і Ліды, Гародні і Менска, Берасця і Віцебска, Магілёва і Гомеля! Пішуць з Брытаніі нашы беларусы, якія з'ехалі за мяжу, але перажываюць за сваю Айчыну! Пішуць беларусы з Бэльгіі, Фінляндыі, ЗША і нават беларусы Бразіліі!

Учора за адзін вечар мне прыйшло 17 лістоў! Ідуць тэлеграмы са словамі падтрымкі! Увесь свет ганарыцца і падтрымлівае нас! Мне пішуць беларускія ксяндзы з Менска і Віцебска, каб павіншаваць з Вялікаднем і выказаць словы падтрымкі і захаплення тым, што мы не мірымся з няпраўдай!

Мама! Людзі паважаюць мяне! Ты выхавала мяне правільна! Упэўнены, што табе гавораць на вуліцы ў Бярозаўцы часта гэтыя словы!

Памятай, мама, што я абавязкова вярнуся дадому!

Трымайся, мама!

Вер, што 5 год я сядзець не буду! Ідуць перамены, і яны прынясуць мне свабоду і сустрэчу з табой! Памятай, мама, што я абавязкова вярнуся дадому! Моцна цябе абдымаю!

Твой сын Вітольд».

Апошнія навіны