BE RU EN

Украінкі падчас адпачынку ў Егіпце рэанімавалі тапельца з Беларусі

  • 7.12.2021, 16:04

Сэрца ўдалося завесці праз 20 хвілін.

Украінскія медсёстры выратавалі беларуса на адпачынку ў егіпецкім Шарм-эль-Шэйху. Пра гэта гаворыцца ў сюжэце канала «1+1».

Беларус Сяргей пайшоў ныраць у масцы, але не вярнуўся. На пантон, дзе ў той час загаралі ўкраінкі, выцягнулі ўжо яго нежывое цела.

Украінкі адразу прыступілі да рэанімацыі. Наталля рабіла штучнае дыханне, Антаніна пераварочвала і выстуквала ваду. Сэрца пампаваў дайвер, рухі якога карэктавалі медсёстры.

У нейкі момант мясцовы ратавальнік пачаў пераконваць, што шанцаў выжыць няма і трэба спыняцца. Аднак, жанчыны прадаўжалі сэрцава-лёгачную рэанімацыю, бо паводле пратаколу нельга спыняцца цягам 40 хвілін. На 20-й хвіліне ім удалося завесці сэрца, аднавіць пульс і дыханне.

Яшчэ чатыры дні Сяргей правёў у шпіталі Егіпта. Сваіх выратавальніц ён адшукаў ужо пасля вяртання дадому ў Беларусь і прызнаўся, што тое, што здарылася, прымусіла яго перагледзець сваё жыццё.

Апошнія навіны