Польскія памежнікі затрымалі чачэнцаў пры прарыве мяжы з боку Беларусі
- 7.12.2021, 14:38
Беларускія сілавікі асляплялі польскіх вайскоўцаў лазерамі і ліхтарамі.
За мінулы дзень польскія памежнікі зафіксавалі 116 спробаў нелегальных мігрантаў прарваць мяжу з боку Беларусі. На адным з адцінкаў групы двойчы перакрочылі мяжу пры падтрымцы беларускіх службаў, паведамляе памежная служба Польшчы ў Twitter у аўторак, 7 снежня.
Так, на адрэзку ў Чарэмшы, які ахоўваўся памежным пастом, групы з 30 чалавек двойчы пераходзілі мяжу.
«Вынесеныя 25 пастаноў аб выездзе з тэрыторыі Рэспублікі Польшча», - гаворыцца ў паведамленні.
Як удакладняе РАР са спасылкай на прадстаўніцу памежнай службы Ганну Міхальскую, сярод мігрантаў, якія ў складзе дзвюх груп перакрочылі мяжу, былі не толькі грамадзяне Ірака, але і грамадзяне Расеі чачэнскай нацыянальнасці. Іх затрымалі і даставілі назад да мяжы.
Пры гэтым польскіх памежнікаў асляплялі лазерамі і ліхтарамі з боку Беларусі.
Нагадаем, што 8 лістапада рэжым Лукашэнкі зладзіў маштабную правакацыю на польскай мяжы. Тысячы мігрантаў пад кантролем беларускіх спецслужбаў штурмавалі мяжу Польшчы. Польскі бок паведамляе, што ў наступных штурмах мяжы могуць узяць удзел да 10 тысяч нелегалаў.
15 лістапада беларускія вайскоўцы сагналі нелегалаў пад канвоем з іх лагера на мяжы з Польшчай да КПП "Брузгі-Кузніца".
16 лістапада мігранты пайшлі на штурм польскай мяжы.
Пасля гэтага мігрантаў размясцілі ў лагістычным цэнтры "Брузгі" на мяжы. Польская разведка паведаміла, што беларускія сілавікі ператварылі цэнтр "Брузгі" ў базу для нападаў мігрантаў на Польшчу.
26 лістапада Лукашэнка пабываў у лагеры мігрантаў, каб узняць іх на новы штурм польскай мяжы.
1 снежня беларускія спецслужбы абстралялі польскі прымежны горад Тэрэспаль. Абстрэлам былі знішчаны асвятляльныя мачты на мяжы з Беларуссю.