BE RU EN

Кожны пяты расеец не здолеў правільна расшыфраваць абрэвіятуру СССР

  • 6.12.2021, 12:52

Амаль палова апытаных не змагла назваць ніводнай з рэспублік былога Саюза.

Амаль кожны пяты дарослы расеец не змог правільна расшыфраваць абрэвіятуру СССР - Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік: 11% прызналіся, што не ведаюць расшыфроўку, а яшчэ 8% зрабілі гэта з памылкамі. Такія вынікі былі атрыманыя падчас апытання УЦВГД, праведзенага ў рамках супольнага праекта з РБК "30 гадоў без СССР". Большасць з тых, хто не змог адказаць правільна на пытанне, - моладзь ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў.

Дзель жа здольных пералічыць рэспублікі былога СССР у разы ніжэйшая: усе 15 успомнілі толькі 6% рэспандэнтаў. Больш за чвэрць апытаных - 27% - не змаглі назваць ніводнай рэспублікі, а ва ўзроставай групе да 34 гадоў такіх амаль палова (48-49%). Узгадваючы назвы рэспублік, расейцы часцей за ўсё забываліся на РСФСР — Расейскую Савецкую Федэратыўную Сацыялістычную Рэспубліку, на базе якой была створаная Расейская Федэрацыя: яе назвалі толькі 28% апытаных. Такі ж вынік у Туркменскай ССР.

Апытанне было праведзенае 24 лістапада сярод 1,6 тысячы расейцаў ва ўзросце ад 18 гадоў метадам тэлефоннага інтэрв'ю. Для выбаркі максімальная велічыня памылкі з імавернасцю 95% не перавышае 2,5%, адзначае УЦВГД.

Першая паводле папулярнасці сярод рэспандэнтаў адмоўная канатацыя, звязаная з Савецкім Саюзам, - гэта дэфіцыт тавараў, чэргі ў крамах, талоны. Пра гэта ўспомнілі 5% расейцаў, прычым часцей так казалі людзі ва ўзросце 25-34 гадоў (9%) і 35-44 гадоў (7%), якія жылі пры СССР у дзяцінстве або якія нарадзіліся пасля яго распаду.

Другі паводле папулярнасці адказ у гэтай групе (4% апытаных) - асацыяцыя СССР з падманам людзей, абмежаваннем волі, застоем і беднасцю насельніцтва.

Толькі ў 1% расейцаў СССР звязаны з чырвоным тэрорам, рэпрэсіямі, расстрэламі і ГУЛАГам. Сярод людзей, якія адказалі так, больш за ўсё моладзі - 18-24 гадоў (5%) і 25-34 гадоў (3%).

Таксама 1% рэспандэнтаў успомніў пра жалезную заслону - бар'ер паміж СССР і капіталістычнымі дзяржавамі.

Апошнія навіны