BE RU EN

«Праз попел не відаць неба і сонца»

  • 5.12.2021, 10:20

У Інданезіі адбываецца магутнае вывяржэнне вулкана Семеру.

Вулкан Семеру на востраве Ява ў Інданезіі пачаў вывяргацца другі раз за некалькі месяцаў і выкінуў слуп попелу вышынёй 15 кіламетраў.

Колькасць загінулых у выніку вывяржэння вырасла да 13, амаль 100 чалавек атрымалі траўмы, паведаміў у нядзелю прадстаўнік урадавага агенцтва ліквідацыі наступстваў стыхійнага бедства. Паводле ягоных словаў, больш за 900 чалавек эвакуявана з раёна бедства, паведамляе ВВС.

Паводле словаў відавочцаў, вывяржэнне настолькі моцнае, што праз попел не відаць неба і сонца.

Вулкан на гары Семеру – знаходзіцца на самым населеным востраве ў свеце – Ява (колькасць ягонага насельніцтва супастаўная з Расеяй). Пачатак вывяржэння вулкана выклікаў паніку ў людзей, якія жывуць паблізу.

Авіякампаніі, чые рэйсы пралягаюць над Явай, папярэдзілі, што воблака вулканічнага попелу паднялося на вышыню 15 кіламетраў.

Кансультацыйны цэнтр вулканічнага попелу ў аўстралійскім Дарвіне паведамляе, што попел дрэйфуе на паўднёвы захад ад вяршыні вулкана.

Цэнтр знаходзіцца ў сталай сувязі з авіякампаніямі, паведамляючы пра месцазнаходжанне і перамяшчэнне патэнцыйна небяспечнага для палётаў вулканічнага попелу.

Вулканічны попел, зацвярдзеўшы на халодных частках рухавікоў самалётаў, можа прывесці да прыпынення або паломкі рухавікоў у палёце.

Попел таксама абмяжоўвае агляд у кабіне пілотаў і ўплывае на якасць паветра ў салоне самалёта, чаму пасажырам могуць спатрэбіцца кіслародныя маскі.

Вулкан, які ўзвышаецца на 3676 м над узроўнем мора, апошні раз вывяргаўся ў студзені 2021 года. Семеру ўваходзіць у лік амаль 130 дзейных вулканаў Інданезіі.

Апошнія навіны