BE RU EN

Маск афіцыйна «бяздомны»: мільярдэр прадаў апошнюю камяніцу

  • 4.12.2021, 16:38

Гендырэктар Tesla і SpaceX выканаў абяцанне пазбавіцца ад усёй нерухомасці на Зямлі.

Гендырэктар Tesla і SpaceX Ілон Маск выканаў абяцанне пазбавіцца ад усёй нерухомасці на Зямлі: на гэтым тыдні ён прадаў свой апошні дом за $30 млн, паведамляе Mansion Global (пераклад - dev.by).

Маёнтак плошчай 19 гектараў знаходзіцца ў каліфарнійскім Хілсбары. Ён выстаўлялася некалькі разоў: першапачаткова, у чэрвені, прадпрымальнік хацеў за яго $37,5 млн, але потым зняў з продажу і зноў выставіў у кастрычніку ўжо за $31,99 млн.

Імя пакупніка невядомае. У распараджэнні новага ўладальніка дом плошчай 1 486 кв. м будзе 7 спальняў, 10 ванных пакояў, вялізная кухня, танцавальная зала, бібліятэка са скуранымі сценамі, гараж на 11 аўтамабіляў і басэйн. Маёнтак быў пабудаваны ў 1912 годзе. Ілон Маск набыў яго ў 2017-м за $23,4 млн.

Раней 50-гадовы мільярдэр распрадаў усю астатнюю нерухомасць і перабраўся ў невялікі зборны дамок на 37 кв. м, які арандуе ў SpaceX у Тэхасе. Бізнэсовец вельмі захоплены каланізацыяй Марса і хоча мець як мага больш рэсурсаў на рэалізацыю гэтай ідэі. Тым больш, кажа ён, што пасля засялення "Чырвонай планеты" ніякая ўласнасць на роднай яму не спатрэбіцца.

Апошнія навіны