BE RU EN

ЗША ўвялі санкцыі супраць сына Лукашэнкі

  • 2.12.2021, 18:35

Абмежаванні закранулі 20 чалавек, 12 арганізацый і тры самалёты.

Злучаныя Штаты ўвялі новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, паведамляецца на сайце Мінфіна ЗША. Абмежаванні закранулі 20 чалавек, 12 арганізацый і тры самалёты.

Пад санкцыі патрапілі:

сярэдні сын дыктатара Дзмітрый Лукашэнка. Ён займае пасаду старшыні цэнтральнай рады «Прэзідэнцкага» спартовага клуба» і з'яўляецца чальцом Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі;

начальнік Галоўнага ўпраўлення ў барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС Беларусі Андрэй Паршын;

муж экс-прэс-сакратаркі МУС Беларусі Вольгі Чамаданавай Дзяніс Чамаданаў;

намеснік міністра ўнутраных спраў Дзмітрый Карзюк;

кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі Анатоль Лапо;

ягоны першы намеснік Ігар Буткевіч і намеснікі Сяргей Новікаў і Ігар Печань;

экс-старшыня Федэрацыі хакея Беларусі, сябра Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, які падазраецца ў забойстве Рамана Бандарэнкі Дзмітрый Баскаў і іншыя.

Акрамя таго, ЗША ўвялі санкцыі супраць дзяржаўнай пазыкі Беларусі, забараніўшы амерыканскім грамадзянам аперацыі з "новымі пазыковымі абавязаннямі" з тэрмінам выплаты больш за 90 дзён і выпушчанымі 2 снежня ці пазней.

Улады Вялікабрытаніі і Канады абвясцілі аб тым, што далучаюцца да ўведзеных Еўрапейскім звязам і ЗША рэстрыкцыяў у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі.

Апошнія навіны