Як санкцыі ўдараць па «Беларуснафце»
- 2.12.2021, 16:51
Самая вялікая праблема ствараецца для закупак з-за мяжы.
Еўрапейскі звяз зацвердзіў пяты пакет санкцый у дачыненні да беларускага рэжыму за спрыянне незаконнаму перасячэнню вонкавых межаў дзяржавы-чальца ЕЗ. Сярод 11 падсанкцыйных прадпрыемстваў «Беларуснафта», галоўны офіс якога размешчаны ў Гомелі.
Летам 2021 года пасля аднаўлення дзеяння санкцый ЗША прадпрыемства ўказам Лукашэнкі было выведзенае з падпарадкавання канцэрну «Белнафтахім».
«Флагшток» паразмаўляў з адным з былых работнікаў прадпрыемства, які папрасіў не называць ягонае імя, і высветліў, як санкцыі могуць паўплываць на жыццё кампаніі і як гэта можа паўплываць на жыццё беларусаў.
- У структуру вытворчага аб'яднання ўваходзіць сетка АЗС. Ці змогуць беларусы па-ранейшаму выкарыстоўваць карты замежных аплатных сістэм Visa і MastreCard для аплаты паліва?
- Карты Visa і MastreCard могуць перастаць працаваць, калі санкцыі будуць прынятыя ў дачыненні да банка. У такім выпадку Visa і MastreCard адключаць гэты банк ад абслугоўвання. Што да прадпрыемства, якое абслугоўваецца беларускім банкам, гэта так не працуе.
- Тады якім чынам санкцыі могуць адбіцца на фінансах «Беларуснафты»?
- Праз міжнародныя санкцыі будуць блакавацца грашовыя пералічэнні ў валюце праз банкі-карэспандэнты краіны, у якой прыняты санкцыі. Гэта значыць фактычна размова ідзе толькі аб міжнародных пералічэннях. З улікам таго, што «Беларуснафта» мае даччыныя арганізацыі за мяжой, гэта ўжо само па сабе істотна. Але самая вялікая праблема ствараецца для закупак з-за мяжы.
[Даведка: «Беларуснафта» вядзе здабычу нафты і газу ў Беларусі, Венесуэле, Эквадоры і РФ. Значная частка абсталявання і тэхналогій здабычы карысных выкапняў залежаць ад экспарту.]
- Што найперш трапіць пад удар?
- «Беларуснафта» - вельмі буйная кампанія, якая мае мноства міжнародных сувязяў. Напрыклад, адразу ж трапляе пад удар даччыная кампанія Beloil Polska, якая займаецца продажам нафтапрадуктаў на польскім рынку.
[Даведка: польская дачка ВА «Беларуснафта» Beloil Polska Sp. z o. o. займаецца пастаўкамі на еўрапейскі рынак розных тыпаў паліва, мае сетку аўтазаправачных станцый. Яе даход па выніках 2020 года склала 157 550 000 даляраў. У кампаніі ёсць офіс у Варшаве. Восенню 2021 года камерцыйны дырэктар пераехаў з Варшавы ў Гомель.
- Як санкцыі адаб'юцца на працы беларускіх падраздзяленняў «Беларуснафты»?
З таго, што наўпрост можа адбіцца на беларусах, адзначу сетку станцый падсілкоўвання для электрамабіляў, якая належыць «Беларуснафце». Тут у асноўным выкарыстоўваюцца імпартныя тэхналогіі. Вядома, можна іх надалей закупляць праз пасярэднікаў, але гэта пры жаданні лёгка прасочваецца. Ды і наогул, існуе рызыка абмежавання доступу да тэхналогій. Напрыклад, выкарыстоўваецца карпаратыўная інфармацыя сістэма SAP. Іншаземцы займаліся праграмаваннем сістэмы падсілкоўвання аўтамабіляў. Не ведаю дэталі кантрактаў у гэтай сферы, але санкцыі дакладна дададуць галаўнога болю кіраўніцтву і прымусяць прыдумляць нейкія новыя схемы, бо без праграмнага забеспячэння ў будучыні не абысціся.