BE RU EN

Як некалькі гадоў таму выглядалі ядзерныя «сараі», пра якія казаў шалёны Таракан

  • 1.12.2021, 16:04

Фотафакт.

Лукашэнка заявіў, што папросіць Пуціна вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь, калі NATO размесціць сваю ў Польшчы. Пры гэтым ён згадаў «сараі»: «Я як руплівы гаспадар нічога не разбурыў - усе «сараі» стаяць на месцы». Хутчэй за ўсё, гаворка ішла пра спецыялізаваныя вайсковыя пабудовы, якія засталіся на тэрыторыі Беларусі з савецкіх часоў.

Сайт zerkalo.io публікуе фота гэтых самых «сараяў» - таго, што засталося ад ангараў і сховішчаў для ядзерных боепрыпасаў і ракет. Гэтыя фота публікаваліся на tut.by з 2015 да 2019 гада ў праектах «Аскепкі імперыі» і «Закрыты горад».

Пад Калінкавічамі

Побач з аэрадромам «Бабровічы» знаходзіцца зона, дзе раней размяшчаліся ядзерныя боепрыпасы. Як мяркуецца, магутнасць авіябомбаў складала 150-300 кілатон. У замежнай літаратуры гэтыя боепрыпасы маркіравалі як ТН-1000 і ТН-1200.

Фатаграфіі зробленыя ў 2019 годзе.

На момант здымкі ў былым бамбасховішчы вырошчвалі грыбы вешанкі.

Пад Баранавічамі

Каля баранавіцкага аэрадрома размяшчалася сакрэтная рамонтна-тэхнічная база. Раней тут захоўваліся ядзерныя бомбы і баявыя часткі ракет, магутнасць якіх вылічалася сотнямі кілатон. Сярод іх - ядзерныя баявыя часткі ракет для самалётаў Ту-16 - КСР-2, К-10С, КСР-5Н, а таксама ракет для звышгукавых бамбавікоў Ту-22 - Х-22МА і Х-22НА.

Фатаграфіі зроблены ў 2017 годзе.

Пад Смаргонню

Недалёка ад Смаргоні размяшчаўся 428-ы гвардзейскі Чырванасцяжны Звенігародскі ракетны полк (в/ч 44 197). 3-ці дывізіён быў узброены шахтавымі пускавымі ўстаноўкамі з ракетамі Р-14У паводе класіфікацыі МО ЗША і NATO - SS-5 Skean. Сама шахтавая ўстаноўка атрымала назву «Чусавая».

Ракеты P-14, якія стаялі ў гэтай шахце, мелі далёкасць стральбы з лёгкай боегалоўкай (магутнасць 1 Мт) прыблізна 4500 км, з цяжкай (магутнасць 2-2,3 Мт) - 3200-3700 км.

Фатаграфіі зробленыя ў 2015 годзе.

Пад Ружанамі

Недалёка ад гарадскога пасёлка Ружанаў знаходзілася размяшчэнне 2-га дывізіёна 403-га ракетнага палка. У савецкі час тут спачатку базаваліся ракетныя комплексы 8П63 з ракетай Р-12, а затым «Піянер» і «Таполя».

Фатаграфіі зробленыя ў 2016 годзе.

Побач з Жыткавічамі

На тэрыторыі былой ракетнай часткі ў вайсковым гарадку «Жыткавічы-1» знаходзіліся ракетныя ангары. Спачатку на ўзбраенні часткі стаялі ракетныя комплексы Р-12, затым іх змянілі «Піянеры», таксама там размяшчаліся ПГРК «Таполя».

Фатаграфіі зробленыя ў 2018 годзе.

Пад Полацкам

У Полацкім раёне непадалёк ад гарадскога пасёлка Ветрына - таксама ангары савецкіх часоў. Тут захоўвалася тэхніка ПГРК «Піянер», узброенага комплексам «Горн», раней на ўзбраенні палка былі ракеты Р-12.

Фатаграфіі зробленыя ў 2017 годзе.

Апошнія навіны