Крым і паддоннік
- АНДРЭЙ САННІКАЎ
- 1.12.2021, 8:08
Ён прагаварыўся.
Узлезшы на паддон і адразу ж атрымаўшы ад беларусаў дадатковую мянушку "паддоннік", Лукашэнка апублікаваў тое, пра што мы ведалі заўсёды, а ўкраінцы абіралі ілюзіі.
Ён прызнаў Крым расейскімі, і дэ-факта, і дэ-юрэ.
Зрабіў гэта ў цынічнай форме, у прапагандыста Кісялёва, у крамлёўскім эфіры.
Першая рэакцыя ўкраінскага істэблішменту была прадказальна разгубленай: не варта, маўляў, зважаць на словы вар'ята.
Гэта амаль даслоўная рэакцыя міністра замежных спраў Украіны, які раней абяцаў самы жорсткі адказ на такія заявы.
Я добра яго разумею. І не яго гэта віна. Многія гады, а можа і цяпер, Лукашэнка для Украіны - самы папулярны замежны палітык. А ўжо як выгадна з ім весці бізнэс - пра гэта вам могуць расказаць цэлыя каманды змененых прэзідэнтаў Украіны. (Ім добра, яны там мяняюцца).
Яно ж як камфортна - не заўважаць звярынай дыктатуры на сваіх межах і прыкрывацца тым, што Лукашэнка, хоць і нягоднік, але паабяцаў нам непрызнанне Крыма расейскім. А гэта ўсё, што трэба для "выдатнага сяброўства".
І вось здарылася страшнае - ён прагаварыўся.
І тут не варта рабіць выгляд, як у тым анекдоце - "ізноў гэтая нявызначанасць".
Зычу па-сяброўску, ну і злёгку прафесійна параіць развеяць сумневы.
Для гэтага патрэбна наступнае.
Ужо сёння накіраваць тэрміновы запыт МЗС Украіны (ноту) у МЗС Лукашэнку з ветлівай просьбай растлумачыць афіцыйную пазіцыю рэжыму наконт Крыму.
Накіраваць афіцыйную ноту пасольства Украіны ў Менску ў адміністрацыю Лукашэнкі, МЗС і "палатку" (проста дзеля смеху) з аналагічнай ветлівай просьбай.
Яшчэ маленькая падказка з дыпламатычнай практыкі: каб не чакаць адказу бясконца, зрабіце маленькую прыпісачку наступнага зместу - "У выпадку неатрымання вашага адказу цягам 24 гадзін мы будзем разглядаць выказванне грамадзяніна Лукашэнкі на дзяржаўнай тэлевізіі Расеі афіцыйнай пазіцыяй рэжыму".
А вось калі атрымаеце тлумачэнні ці атрымаеце баязлівае маўчанне, усё ж зразумейце, што час зыходзіць з рэальнай пагрозы, а не са шматгадовых спроб яе не заўважаць. Лукашэнка ж нясе пагрозу не толькі для нас, але і для вас.
Андрэй Саннікаў, каардынатар грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў, “Фэйсбук”