BE RU EN

СБУ пачало расследаванне падрыхтоўкі да захопу дзяржаўнай улады ва Украіне

  • 29.11.2021, 21:10

СБУ расследуе дзеянні «асобных грамадзян» Украіны і Расеі.

Служба бяспекі Украіны расследуе магчымую падрыхтоўку да захопу ўлады. Пра гэта прэс-сакратар СБУ Арцём Дзехцярэнка распавёў у відэакаментары, апублікаваным на YouTube-канале ведамства 29 лістапада, паведамляе gordonua.com.

«Галоўнае следчае ўпраўленне СБУ ажыццяўляе дасудовае расследаванне ў крымінальнай вытворчасці адносна ўчынення дзеянняў, накіраваных на захоп дзяржаўнай улады. Вытворчасць адкрыта паводле ч. 1 арт. 109 Крымінальнага кодэкса Украіны па факце падрыхтоўкі асобнымі грамадзянамі Украіны і РФ дзеянняў з мэтай захопу дзяржаўнай улады», - паведаміў ён.

Іншых дэталяў ён не прывёў, аднак 26 лістапада прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас прэс-марафону заявіў, што на пачатак снежня нібыта рыхтаваўся дзяржаўны пераварот з удзелам украінскага мільярдэра Рыната Ахметава.

«Атрымалі інфармацыю, што першага чысла ў нашай краіне будзе дзяржаўны пераварот. 1-га, 2 снежня. […] У нас ёсць не толькі агентурная інфармацыя, але і гукавая інфармацыя, дзе, скажам так, прадстаўнікі Украіны з прадстаўнікамі Расеі абмяркоўваюць удзел Рыната Ахметава ў дзяржперавароце ва Украіне», - сказаў ён.

Ахметаў назваў абвінавачанні Зяленскага «суцэльнай хлуснёй». Ён паабяцаў і надалей «абараняць свабодную Украіну, свабодную эканоміку, дэмакратыю і свабоду слова». «І зраблю усё, што ад сябе залежыць, каб аўтарытарызму і цэнзуры ва Украіне не было», – заявіў бізнэсовец.

Апошнія навіны