BE RU EN

Як на Сініх Водах войска вялікага князя Альгерда распляжыла адразу трох татарскіх ханаў

  • 29.11.2021, 17:41

Гэтая бітва значна павялічыла тэрыторыю ВКЛ і зрабіла яго адной з самых вялікіх дзяржаў у Еўропе.

15 верасня 1362 года ў бітве на Сініх Водах войска вялікага князя Альгерда разграміла воінскія фармаванні адразу трох татарскіх ханаў, піша planetabelarus.by.

Гісторыкі сцвярджаюць, што гэтая бітва з'явілася адной з найбольш значных падзей ваенна-палітычнай гісторыі Усходняй Еўропы перыяду сярэдніх вякоў. Яе наступствы мелі вялікае значэнне для народаў, якія засялялі землі цяперашняй Украіны і Беларусі.

Згадкі пра гэтую падзею ў летапісах дастаткова скупыя. Напрыклад, у летапісе Красіньскага ёсць такі запіс: «Калі ж князь вялікі Вітаўт паехаў з Літвы да вялікага Луцка, а князь вялікі Олькгірд пайшоў у поле з літоўскім воіскам і пабіў татараў на Сінеі Вадзе, забіў трох братоў, татарскіх князей Хачабея, Сакутлубуга а Дмітрэя. А тыя тры браты, татарскія князі, отчычы і дзедзічы Падолскай зямлі былі, а зазналі ад іх атаманы, а па прыездзе ў атаманаў даніну бралі з Падольскай зямлі».

У Густынскім летапісе адзначана: «У лета 6780. Альгерд перамог трох царкоў татарскіх і з ордамі іх, гэта Катлубаха, Качзея, Дзмітра, і адтуль ад Падолу выгнаў уладу татарскую. Гэты Альгерд і іншыя рускія дзяржавы ў сваю ўладу прыняў, і Кіеў пад Фёдарам князем узяў, і пасадзіў у ім Уладзіміра сына свайго, і пачаў там валодаць, ім жа бацькі яго даніну давалі».

У 1362 годзе князь Альгерд, скарыстаўшыся чарговай смутай у Ардзе пасля гібелі ханаў Джанібека і Бердыбека, распачаў паход на тэрыторыю, падкантрольную татарам. З ім адправіліся таксама чатыры ягоныя пляменнікі, сыны наваградскага князя Карыята, княжычы Аляксандр, Канстанцін, Юрый і Фёдар. І калі яны дайшлі да ўрочышча Сінія Воды, дык убачылі ў полі вялікую татарскую арду з трыма царкамі, падзеленую на тры атрады. Адзін атрад вёў султан Кутлубах, другі ўзначальваў Качыбей-Керэй, а трэцім камандаваў султан Дзімейтэр (на думку шэрагу гісторыкаў султан Дзімейтэр – гэта князь крымскага княства Феадора (Мангуп) Дзмітрый, які з'яўляўся хаўруснікам татараў). Альгерд вёў з сабой амаль усе свае сілы, якія прыблізна налічвалі трыццаць тысяч воінаў.

Трымаючыся як мага бліжэй да берагоў рэк і азёр на поўдзень да Буга, Альгерд незаўважна для татараў, змог пракрасціся ў самую глыбіню татарскай тэрыторыі і спыніўся на прывал у месцы, дзе невялікая рэчка пад назвай Сінія Воды, або Сінюха, упадала ў Паўднёвы Буг. Альгерд падзяліў свае войскі на шэсць вялікіх палкоў колькасцю па пяць тысяч воінаў і размясціў іх сярпом, паставіўшы ў цэнтры пяхоту, а па расцягнутых краях - конныя харугвы.

Бітва прадаўжалася да вечара, а на заходзе ў бой уступілі схаваныя ў лесе запасныя палкі. Татары завагаліся і сталі адступаць, іх прадаўжалі гнаць і секчы да глыбокай ночы. Рэшткі татарскіх войскаў адышлі ў бок вусця Дуная, куды Альгерд адразу ж пасля перамогі прыйшоў для таго, каб устанавіць новыя межы Вялікага княства Літоўскага.

На зваротным шляху Альгерд без бою, узяў Кіеў і іншыя суседнія гарады, тым самым значна павялічыўшы тэрыторыю княства і зрабіўшы яго адной з самых вялікіх дзяржаў у Еўропе.

Апошнія навіны