У Кіеве прайшла акцыя памяці Паўла Шарамета
- 29.11.2021, 9:15
Беларускаму журналісту споўнілася б 50 год.
Учора, у дзень народзінаў беларускага журналіста Паўла Шарамета ў Кіеве прайшла акцыя ягонай памяці. 28 лістапада яму споўнілася б 50 гадоў, паведамляе "Украінская праўда".
Мерапрыемства прайшло каля помніка журналісту на скрыжаванні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франко, дзе ён загінуў. З інфармацыі Suspilne.media, прысутнічала блізу 30 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі беларускіх і ўкраінскіх СМІ.
На акцыі выступілі галоўная рэдактарка "Украінскай праўды" Сеўгіль Мусаева і намеснік кіраўніка Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі.
Павел Шарамет быў узарваны ў аўтамабілі 20 ліпеня 2016 года ў Кіеве. Заказчыкі злачынства невядомыя, расследаванне аб заказчыках выдзеленае ў асобную крымінальную справу, у рамках якой вывучаецца таксама магчымы "беларускі след".