BE RU EN

Ва Украіне распачалі справу супраць журналіста Юрыя Бутусава

  • 28.11.2021, 20:32

Галоўны рэдактар «Цензор.нет» мяркуе, што гэта помста прэзідэнта Зяленскага.

Дзяржаўнае бюро расследаванняў Украіны распачало справу ў дачыненні да галоўнага рэдактара "Цензор.нет" Юрыя Бутусава праз публікацыю відэа, на якім ён страляе з гаўбіцы. Журналіст думае, што гэта помста прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага праз спрэчку з ім падчас прэзідэнцкага прэс-марафону ў пятніцу, 28 лістапада, піша "Новое время".

Як паведамілі ў ДБР, следчыя правераць законнасць дзеянняў журналіста Бутусава на відэа, выкладзеным у сетцы.

"Следчыя ДБР вывучаюць відэа, выкладзенае журналістам Юрыем Бутусавым на ягонай старонцы ў Фэйсбуку, у рамках пачатай крымінальнай вытворчасці", – гаворыцца ў паведамленні.

Размова ідзе пра відэа, якое журналіст выклаў раніцай у нядзелю, 28 лістапада, у Facebook да Дня памяці ахвяраў Галадамору. На запісе Бутусаў страляе з гаўбіцы Д-20 калібрам 152 мм. Ён суправаджае стрэл словамі: "па акупантах агонь".

Пазней Бутусаў удакладніў, што відэа было знятае вельмі даўно і з трэніровак.

"Але абнародаванне падобных матэрыялаў наносіць шкоду інфармацыйнай бяспецы ўкраінскай дзяржавы і дазваляе прадстаўнікам дзяржавы-агрэсаркі ўзмацняць ціск на Украіну", – мяркуюць у ДБР.

Усе акалічнасці публікацыі і запісу відэа стрэлу з гарматы, якое выклаў Юры Бутусаў, будуць правераныя ў парадку артыкула 414 КК Украіны (Парушэнне правілаў абыходжання са зброяй, а таксама з рэчывамі і прадметамі, якія маюць павышаную небяспеку для навакольных) і артыкула 437 ККУ (Планаванне, падрыхтоўка, развязванне і вядзенне агрэсіўнай вайны).

«Будуць правераныя таксама і магчымыя службовыя парушэнні тымі асобамі, якія дапусцілі цывільнага грамадзяніна да адпаведнага ўзбраення», – паведамілі ў ГБР.

Журналіст ужо адрэагаваў на заяву ДБР, звязаўшы яе са сваёй спрэчкай з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім падчас прэс-канферэнцыі 26 лістапада.

«Прэзідэнт Зяленскі адпомсціў мне за сваю ганебную прэс-канферэнцыю. Дзяржаўнае бюро расследаванняў толькі што распачало супраць мяне справу паводле артыкула 437 – планаванне, падрыхтоўка, развязванне і вядзенне агрэсіўнай вайны. Майдан, захоп Крыма, уварванне ў Данбас і восем гадоў вайны. То-бок гэта я ўсё пачаў… Стрэл з гарматы, які быў некалі зроблены, гэта цяпер нагода для эскалацыі, хоць я і напісаў, што гэта было даўно», – зазначыў журналіст.

Апошнія навіны