BE RU EN

«Толькі вугаль патрэбны, а чалавечае жыццё не шануецца»

  • 28.11.2021, 19:42

Што гавораць сваякі загінулых у аварыі на шахце ў расейскім Кузбасе.

Праз выбух на шахце "Лісцяжная" ў Кемераўскай вобласці загінуў 51 чалавек. Сярод іх 46 гарнякоў і пяць ратавальнікаў. Да гэтай трагедыі працаўнікі гаварылі пра парушэнні бяспекі на шахце. Цяпер гэта будзе вызначаць следства. Ёсць папярэднія звесткі – аварыя здарылася праз выбух метану, піша "Настоящее время".

На прахадной шахты "Лісцяжная" сваякі загінулых гарнякоў вымушаныя даказваць права зайсці на тэрыторыю. Сем'і прыехалі з найбліжэйшых гарадоў – Пракоп'еўск, Ленінск-Кузнецкі, Бялова.

"Нічога не кажуць, каго паднялі, каго дасталі. Праз тры дні, сказалі, адновяць гэтыя працы. Але, натуральна, там няма нікога ў жывых ужо. Абы целы дасталі. Вось і думайце, як шахцёры працуюць, у якіх умовах. Майму мужу споўнілася 55 гадоў, ён на гэтай шахце адпрацаваў 33 гады”, – кажа Іна Піялкіна, удава шахцёра Барыса Піялкіна.

У чацвер увечары адміністрацыя Бялоўскай гарадской акругі пацвердзіла гібель 52 чалавек. У пятніцу раніцай стала вядома пра адзінага выжылага – горнаратавальніка Аляксандра Закаўрашына. Ён здолеў самастойна выбрацца з шахты на паверхню – усю ноч мужчына правёў пад зямлёй.

Поўны спіс загінулых на шахце апублікавалі ў пятніцу на сайце адміністрацыі ўрада Кузбаса.

Жонка аднаго з шахцёраў, які цяпер знаходзіцца ў шпіталі ў Кемераве, сказала Радыё Свабода, што чалавек, які тэлефанаваў ёй паведаміць пра стан мужа, забараніў казаць пра трагедыю. Хто менавіта тэлефанаваў – жанчына не ведае.

А ўдава аднаго з шахцёраў Іна Піялкіна расказала журналістам пра парушэнні на шахце. Расказала са словаў загінулага мужа.

"Метан там зашкальваў, гэта было вядома, даводзілася працаваць кожны дзень. Я казала, што дабром гэта не скончыцца. Зашкальвала так, што ўсе датчыкі там пішчалі. А ў ноч з 14 на 15 лістапада ў лаве быў пажар. І вось вынік. Літаральна 10 дзён прайшло, і ўсе цяпер там ляжаць. Я ўжо дарослая жанчына.У мяне дарослае дзіця. А там сядзяць жонкі маладых хлопцаў – паклалі 46 чалавек. Такога ў жыцці ніколі не было, каб адразу за адзін раз. На гэтай шахце выбух быў 18 гадоў таму, 13 чалавек загінулі. Тут уся вёска вар’яцела. А цяпер 46. Яны не будуць кучай хаваць, па адным будуць, каб людзі не звар’яцелі", – кажа Іна Піялкіна.

У чацвер увечары былі затрыманыя дырэктар "Лісцяжны", ягоны намеснік і кіраўнік участка. (Яшчэ ў жніўні затрыманы дырэктар "Лісцяжны" Сяргей Махракоў перамог на конкурсе "Кузбас – вугальнае сэрца Расеі" ў намінацыі "Найлепшы дырэктар шахты".)

Крымінальныя справы распачатыя паводле артыкула пра парушэнне патрабаванняў прамысловай бяспекі небяспечных вытворчых аб'ектаў. І пра халатнасць – у дачыненні да супрацоўнікаў Растэхнагляду.

"Хто вінаваты? Вінаватая кампанія, якой толькі вугаль патрэбны, а чалавечае жыццё не шануецца", – прадаўжае Іна Піялкіна.

Сярэдні заробак у Кузбасе на 2021 год, паводле звестак Расстата, склаў блізу 47 тысячаў рублёў ($620). Самыя высокія сярэднія заробкі ў вуглездабыўной галіне – блізу 80 тысячаў рублёў ($1066 даляраў).

За апошнія 20 гадоў у Расеі было 23 аварыі на шахтах з ахвярамі. З іх 14 адбыліся ў Кемераўскай вобласці.

Апошнія навіны