BE RU EN

Ва Украіне прайшла акцыя да Дня памяці ахвяр Галадамору

  • 27.11.2021, 18:22

Украінцы ўшанавалі памяць мільёнаў продкаў.

Ва Украіне ў суботу, 27 лістапада, прайшла акцыя, прысвечаная Дню памяці ахвяр Галадамору, піша nv.ua. А 16:00 адбылася агульнанацыянальная хвіліна маўчання і традыцыйная акцыя «Запалілі свечку памяці».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выступіў з прамовай. Ён сказаў, што сёння ўкраінцы ўшаноўваюць памяць мільёнаў продкаў і ўспамінаюць «некалькі самых цёмных начэй не года, не дзесяцігоддзя, а цэлага стагоддзя з жыцця нашага ўкраінскага народа».

«Гэта людзі, якія засталіся без крошкі хлеба. Бацькі, якія засталіся без сваіх дзетак. Дзеці, якія засталіся без бацькоў. Пакаленні, якія засталіся без надзеі, і пытанні, якія дагэтуль застаюцца без адказаў. Якая дакладная колькасць загінулых украінцаў? Ці зможам мы калі-небудзь яе ўстанавіць? Якой праўды мы дагэтуль не ведаем? Ці зможам мы калі-небудзь пра яе даведацца? […] Ці зможам мы калі-небудзь забыцца пра злачынствы? Адказ на гэтае пытанне мы ведаем - не», - сказаў прэзідэнт.

27 лістапада Зяленскі зацвердзіў комплекс мерапрыемстваў да 90-й гадавіны Галадамору 1932—1933 гадоў ва Украіне, якая будзе адзначацца ў 2023 годзе. Між іншым, прэзідэнт даручыў у 2023-м увесці ў эксплуатацыю другую чаргу Нацыянальнага музея Галадамору-генацыду ў Кіеве і прыняць меры для завяршэння збудавання ў сталіцы помніка даследчыку галадамораў ва Украіне Джэймсу Мэйсу.

Кожны год у чацвёртую суботу лістапада ва Украіне шануюць памяць мільёнаў ахвяр Галадамору. У XX стагоддзі ўкраінцы перажылі тры такія трагедыі - у 1932-1933 гадах, 1921-1922 і 1946-1947. Самым маштабным па колькасці чалавечых ахвяр гісторыкі лічаць Галадамор 1932—1933 гадоў.

Апошнія навіны