BE RU EN

Як польскія службы спынілі чарговы масавы напад мігрантаў на мяжу

  • 27.11.2021, 18:00

Беларускія сілавікі падвозяць мігрантаў да мяжы грузавікамі.

За апошні дзень польскія службы спынілі больш за 200 спроб незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы. Выдадзена 53 рашэнні аб дэпартацыі з тэрыторыі Польшчы, паведамляе «Польское радио».

Прэс-сакратарка Памежнай службы Ганна Міхальская паведаміла, што на ахоўным участку граніцы ў Белавежы група з больш як 100 чалавек спрабавала прарвацца на тэрыторыю Польшчы.

«Гэтыя людзі былі прывезеныя грузавікамі беларускім бокам. А 18 гадзіне пачалася атака на мяжу, яна пачалася з закідвання польскіх вайскоўцаў камянямі, галінкамі і фрагментамі агароджы. Тым часам беларускія службы сляпілі польскі патруль лазерамі і страбаскопамі. Двое вайскоўцаў атрымалі нязначныя раненні», - сказала Ганна Міхальская.

Прэс-сакратарка Памежнай службы дадала, што мігранты перакінулі мост цераз плот і ўварваліся на тэрыторыю Польшчы. Іх затрымалі, загадалі пакінуць Польшчу і даставілі да мяжы.

Польскія службы таксама затрымалі 7 чалавек, якія садзейнічалі незаконнаму перасячэнню мяжы. Гэта 6 грамадзян Грузіі і 1 грамадзянін Расеі. З пачатку года Памежная служба затрымала больш за 400 такіх памагатых.

Апошнія навіны