BE RU EN

Лукашэнку пачынаюць ненавідзець нават «ябацькі»

  • Арцём Чэрнікаў
  • 27.11.2021, 22:34

Масавыя звальненні закранулі ўсіх.

Па ўсёй Беларусі назіраецца хваля масавых звальненняў. Праходзяць яны практычна на кожным прадпрыемстве. На аптымізацыю і скарачэнні гэта ніяк не падобна. Выкідваюць на вуліцу абсалютна ўсіх: як тых, хто ўдзельнічаў у мітынгах, так і абсалютна апалітычных людзей, а часам зусім «ябацькаў», якія, дарэчы кажучы, пачынаюць абурацца больш за ўсіх. Бо яшчэ нядаўна яны спакойна ўздыхнулі, што іх не чапаюць. Косць кінулі ў выглядзе мізэрных надбавак за звышурочныя, а тут раптоўны адзюльтэр ад «вусатай какеткі».

Раззлаваныя яны таксама тым, што ім няма каму пажаліцца. Ардынскім прафзвязам, якія паспяхова фінансавалі перадвыбарчую праграму ўзурпатара з кішэняў усіх працоўных краіны? Ды і незалежныя займаюцца імітацыяй бурнай дзейнасці. У 2018 годзе ў мяне спыталі, здаецца, у Нямеччыне, калі я прадстаўляў незалежны прафзвяз на адным мерапрыемстве: «Як ваш прафзвяз адстойвае правы працоўных? Якія віды страйкаў вы ўжываеце?» Я паціснуў плячыма, таму што на той момант страйк і масавыя пратэсты працоўных я бачыў альбо ў гістарычнай літаратуры, альбо ў навінах. Натуральна, яны здзівіліся і расказалі пра свой досвед. Калі нават праз звальненне аднаго чалавека спыняліся цэлыя прадпрыемствы.

Любое кіраўніцтва думае пра працоўных выключна ў эканамічных інтарэсах. Нас так і называюць «працоўная адзінка». А на адзінку, на іхнюю думку, можна не зважаць. Таму ў нас і заробкі нізкія, і абсталяванне старое, і кіраўніцтва вечна глядзіць з дакорам.

Для параўнання можна ўзяць практычна любы нямецкі завод. Маючы зносіны з адным з працоўных аконнай кампаніі VEKO, я даведаўся, што не абавязкова нават быць у прафзвязе, каб твае правы абаранялі. Працоўны цэніцца кіраўніцтвам, і дасведчаныя кіраўнікі з нямецкай школай мэнэджмэнту, а таксама з досведам масавых страйкаў абсалютна ў любой сферы, не пойдуць насуперак працоўным. Яны ведаюць, што за аднаго ўстануць усе і працадаўца страціць у разы больш.

Раз яны думаюць эканамічна, нам трэба размаўляць на іхняй мове. Калі спыняецца цэх, кіраўнік не думае пра тое, што працоўным цяжка яго запускаць у экстранным рэжыме. Ён думае толькі, колькі грошай ён страчвае за кожную хвіліну прастою. У гэты момант працоўныя прагрэсіўныя еўрапейскія краіны, скарыстаўшыся момантам, прынцыпова нічога не рабілі б да выканання іхніх патрабаванняў. І пытанне развязалася б імгненна.

У нас ёсць усё для таго, каб ажыццявіць гэта. Прычынаў – хоць адбаўляй і кожны дзень будуць з'яўляцца новыя. Неабходна перастаць думаць толькі пра сёння. Пасля выбараў Лукашэнка пагоршыў эканамічнае становішча краіны ў некалькі разоў. Надзеі на тое, што ён рэзка памяняе вектар і пачне падымаць са дна беларускую эканоміку, проста няма. Ён ніколі не думаў пра беларусаў, ён нічога добрага не зрабіў для прадпрыемстваў краіны. Псіхічна хворага чалавека цікавяць толькі ягоныя комплексы і вар'яцкія амбіцыі. А галоўная ягоная мэта – як мага даўжэй сядзець у сваім крэсле.

Для тых, хто думае, што звальненні іх не закрануць, што з імі гэтага не адбудзецца, у мяне кепскія навіны – гэта ўжо адбываецца. Але без зваротнай рэакцыі мы дазваляем дыктатару яшчэ больш здзекавацца з народа Беларусі. Калі не страйкаваць, мы можам страціць не толькі працоўнае месца, але і краіну.

Досыць нам быць «працоўнымі адзінкамі», мы ж ведаем, што мы працоўная большасць. Паасобку яны проста «аптымізуюць» нас. І тут ужо ўсё роўна, якія ў цябе палітычныя погляды: «ябацька» ты ці прыхільнік пераменаў – праблема ва ўсіх адна. Калі ўсе працоўныя аб'яднаюцца – звальняцца давядзецца кіраўніцтву.

Страйк – гэта правераны еўрапейскі метад развязання праблемаў. Гэта дапаможа нам развязаць крызіс сёння і будзе цудоўным урокам на будучыню.

Арцём Чэрнікаў, спецыяльна для тэлеграм-канала «Баста!»

Апошнія навіны