BE RU EN

З гарадзенца запатрабавалі транспартны падатак за аўто, скрадзенае 4 гады таму

  • 26.11.2021, 12:32

Новаўвядзенні ўладаў дастаўляюць беларусам шмат праблем.

Гарадзенец Іван атрымаў паведамленне на выплату транспартнага падатку за VW Tiguan. Аднак аўто ў яго няма: яго скралі чатыры гады таму ў Чарнагорыі, куды ён ездзіў на адпачынак, піша autogrodno.by.

Гарадзенец адразу паведаміў у мясцовую паліцыю. Звесткі аб вышуку аўто былі размешчаныя ў базе Інтэрпола.

Пасля вяртання Іван паведаміў аб крадзяжы і ў гарадзенскую міліцыю. І хоць аўтамабіль дагэтуль не знайшлі, падатковая надумала спагнаць з мужчыны транспартны падатак.

Калі Іван звярнуўся ў падатковую, яму сказалі, што базу для транспартнага падатку складаюць у ДАІ. А ў Дзяржаўтаінспекцыі заявілі, што гарадзенец сам павінен аднесці ў падатковую дакумент аб крадзяжы аўтамабіля.

"Мне нават параілі зняць аўто з уліку на ўтылізацыю. Але гэты варыянт не пасуе, бо калі VW Tiguan знойдзецца, то ў мяне на яго ўжо не будзе ніякіх правоў", – кажа Іван.

Урэшце ён даслаў электронны запыт у МУС. І даслоўна праз тры тыдні яму прыйшоў ліст з падатковай, што ягоны аўтамабіль лічыцца ў вышуку, таму транспартны падатак плаціць не трэба.

- Рэкамендую тым, хто сутыкнуўся з памылкова выстаўленым падаткам не марнаваць часу на тэлефонныя размовы з даведачнымі службамі, а адразу фармаваць электронны запыт. Што мяне здзівіла ва ўсёй гэтай гісторыі, дык гэта тое, што інфармацыя аб крадзяжы "Тыгуана" з баз Інтэрпола не трапіла ў нашы мясцовыя базы Дзяржаўтаінспекцыі. Атрымліваецца, што калі б, тэарэтычна, гэты аўтамабіль змаглі б нейкім цудам пераправіць праз мяжу, то ён мог бы без праблем эксплуатавацца ў Беларусі, і ні ў каго б нават сумневаў не ўзнікла, што яго шукаюць паліцыі розных краін, - канстатуе гарадзенец.

Апошнія навіны