BE RU EN

Прадстаўнікі 27 краін ЕЗ зацвердзілі пашырэнне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі

  • 25.11.2021, 20:15

Брусэль заявіў, што крызіс на мяжы з Беларуссю застаецца неразвязаным.

Прэзідэнт Еўрарады Шарль Мішэль заявіў, што Еўропе ўдалося практычна спыніць плынь мігрантаў у Беларусь. Пра гэта ён сказаў дэпутатам Еўрапарламента ў Страсбургу, паведамляе «Голас Амерыкі» ў чацвер, 25 лістапада.

«Нашае адзінства і супольныя дзеянні прынеслі вынік. Мы практычна спынілі плынь мігрантаў у Беларусь. Натоўпы значна зменшаныя. Гэты напад не вывеў нас з раўнавагі, і мы захоўваем пільнасць і дзейснасць», - сказаў Мішэль.

Акрамя таго, прадстаўнікі 27 краін ЕЗ зацвердзілі пашырэнне санкцый супраць Беларусі, аднак пакуль дакумент не абнародаваны.

Шарль Мішэль прызнаў, што гуманітарная праблема з мігрантамі ў Беларусі застаецца неразвязанай, хаця мясцовыя ўлады і далі часовы прытулак значнай колькасці мігрантаў праз халады.

«Мы павінны дабіцца, каб тым, хто там пакутуе, была нададзеная дапамога», - падкрэсліў Мішэль і дадаў, што «Беларусь супрацоўнічала з Іракам у арганізацыі рэйсаў для вяртання дадому некалькіх сотняў іракцаў».

Чыноўнік рэзюмаваў, што цяпер «яшчэ занадта рана рабіць высновы, ці ідзе размова аб сапраўднай змене пазіцыі (беларускай улады - рэд.)», таму ЕЗ захоўвае асцярожнасць.

Нагадаем, што ЕЗ выдзеліць €3,5 млн на адпраўку мігрантаў дадому. Супольнасць прафінансуе добраахвотнае вяртанне нелегалаў з Беларусі ў краіны паходжання.

Таксама паведамлялася, што ЕК прапанавала новы рэжым санкцый за перавозку нелегалаў. Новы тып санкцый закране транспартныя аператары, якія садзейнічаюць або займаюцца перавозкай мігрантаў.

Апошнія навіны