BE RU EN

Экс-кіраўнік Нацбанку: Інфляцыя ў Беларусі будзе адлюстроўвацца двухзначнай велічынёй і нават значна вышэйшай

  • 25.11.2021, 18:06

Рубель імкліва абясцэньваецца праз камбінацыю некалькіх фактараў.

Афіцыйная інфляцыя за кастрычнік гэтага года склала 10,5 адсотка. Аднак Нацыянальны банк плануе ўстанавіць мэтавы паказчык інфляцыі на 2022 год не большы за 6%. Аб гэтым паведаміла начальніца ўправы даследаванняў і стратэгічнага развіцця Нацбанку Наталля Мірончык.

Газета «Белорусы и рынок» спытала ў экспэртаў, наколькі рэалістычныя планы Нацбанку па ўтаймаванні інфляцыі.

Станіслаў Багданкевіч: Інфляцыя будзе адлюстроўвацца двухзначнай лічбай

Калі не ведаць сітуацыю ў Беларусі, то планы Нацбанку нібыта нармальныя. Сёлета яны абвясцілі інфляцыю 5%, а маем 10%. І яшчэ патлумачылі, знайшлі прычыну росту. І налета растлумачаць, чаму інфляцыю не ўдалося ўтрымаць у рамках, кажа экс-кіраўнік Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч, нагадаўшы, што з наступнага года набудуць моц санкцыі, якія ўвялі ЗША і Еўразвяз, пачнуцца больш сур'ёзныя цяжкасці ў эканоміцы, звязаныя з міжнароднай ізаляцыяй Беларусі.

«Я акурат мяркую, што галоўнае пагаршэнне будзе адбывацца на ўзроўні коштаў, на ўзроўні інфляцыі. Нават калі Нацбанк і не ўключыць варштат, будзе абмяжоўваць грашовую масу, інфляцыя будзе расці. Прагназую, што інфляцыя, як мінімум, будзе адлюстроўвацца двухзначнай велічынёй - адсоткаў 15. Але інфляцыя будзе значна вышэйшай, калі дзейная ўлада будзе прымушаць Нацбанк рабіць безрэсурсныя эмісіі», - заявіў экс-банкір.

На ягоную думку, хаця будзе ісці вялізная дапамога з Расеі, яна не зможа кампенсаваць усе пралікі і страты беларускай улады, таму трэба чакаць пагаршэння сітуацыі, зніжэння ўзроўню жыцця.

Вадзім Іёсуб: Нацбанк упэўненасці не выказвае

Нацбанк цягам года будзе мяняць сваю грашова-крэдытную палітыку такім чынам, каб інфляцыя знізілася да ўзроўню 6 адсоткаў. Пры гэтым упэўненасці ў дасягненні пастаўленай мэты ён не выказвае. Бо ўзровень інфляцыі гэтага года наогул мала звязаны з дзеяннямі Нацбанку, мяркуе старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іёсуб. На ягоную думку, галоўны ўнёсак у сёлетні ўзровень інфляцыі ў Беларусі зрабіў не Нацбанк, а глабальная эканоміка.

- Думаю, больш за палову ўнёску ў цяперашнюю інфляцыю зрабілі глабальныя прычыны, звязаныя з ростам коштаў сыравіны, прадуктаў харчавання на сусветных рынках. Варта нагадаць, што ў ЗША інфляцыя ў гадавым вылічэнні склала 6,2%, у нас у планах было 5%, а за кастрычнік выявілася - 10,2%. Пагадзіцеся, складана ўявіць, каб у ЗША інфляцыя складала 6,2%, а ў Беларусі 5%. Другі па значнасці фактар - рост ПДВ у пачатку года на лекі, медыцынскія тавары, дзіцячыя тавары. Невялікая доля, якая засталася, прыпадае на «беларускія асаблівасці», — кажа Іёсуб.

Ці здолее Нацбанк утаймаваць інфляцыю на ўзроўні 6% у 2022 годзе? Аналітык мяркуе, што ад яго дзеянняў мала што залежыць. На ягоную думку, налета ў свеце (у ЗША, Еўропе) чакаюць зніжэння інфляцыі. Адбудзецца гэта ці не, невядома. Больш за тое, на сусветныя цэны ў Нацбанку дакладна няма ніякага ўплыву. Калі ўсё добра складзецца, калі значна скароціцца інфляцыя ў свеце, можна ставіць перад сабой мэту і спрабаваць знізіць інфляцыю ў Беларусі да 6%. Калі інфляцыя ў ЗША, у Еўропе перавысіць 3%, дык зніжэнне інфляцыі да 6% у Беларусі малаімавернае, што б Нацбанк ні рабіў. Калі не будзе адміністрацыйнага павелічэння заробкаў і не ўключаць варштат, то зніжэнне інфляцыі да 7% цалкам магчымае.

Апошнія навіны